Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ціт 3, 1–7
Мы былі зведзеныя, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Ціта.

Умілаваны:

Нагадвай, каб падпарадкоўваліся кіраўніцтву і ўладам, каб былі гатовымі да ўсякай добрай справы, каб нікога не зласловілі, не былі сварлівымі, але ціхімі, паказваючы ўсялякую ласкавасць да ўсіх людзей. Бо і мы былі калісьці неразумныя, непаслухмяныя, зведзеныя, служылі розным жаданням і ўцехам, жылі ў злосці і зайздрасці, былі ненавісныя і ненавідзелі адзін аднаго.

Калі ж аб’явілася дабрыня і чалавекалюбства Бога, Збаўцы нашага, Ён не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы ўчынілі, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Святым Духам, якога шчодра выліў на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб, апраўданыя Ягонай ласкаю, мы сталі паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 (Р.: 1)

Рэфрэн: Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы.

1. Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы, *
2. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.

Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. *
Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

6. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Тэс 5, 18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

За ўсё дзякуйце Богу,
бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 11–19
Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: Езус, Настаўнік, змілуйся над намі. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: Ідзіце, пакажыцеся святарам. А калі адышлі, яны ачысціліся.

І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? І сказаў яму: Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.