Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — дваццаць восьмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 1–10
Выбраў нас у Ім перад стварэннем свету

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Павел, воляю Божаю апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленнне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў, паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў ў Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аб’яднаць ўсё ў Хрысце: тое, што на небе і на зямлі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3сd–4. 5–6 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Пан паказаў сваё збаўленне.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:

5. Грайце Пану на гуслях, *
на гуслях і на арфе.
6. Пад гучанне трубаў і рога *
радасна ўсклікайце перад Панам і Валадаром.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 47–54
Няхай спагнаная будзе з пакалення гэтага ўся кроў прарокаў, ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Сказаў Пан: Гора вам, таму што будуеце грабніцы прарокам, а бацькі вашыя пазабівалі іх. Гэтым вы сведчыце пра ўчынкі бацькоў вашых і згаджаецеся з гэтым: яны пазабівалі іх, а вы будуеце.

Таму і Мудрасць Божая сказала: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і некаторых заб’юць і будуць пераследаваць. Няхай спагнаная будзе з пакалення гэтага ўся кроў прарокаў, пралітая ад стварэння свету, ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж алтаром і святыняй. Сапраўды кажу вам: спагнаная будзе з гэтага пакалення.

Гора вам, кніжнікам, таму што забралі ключ пазнання. Самі не ўвайшлі і перашкодзілі тым, хто ўваходзіў.

Пасля гэтых слоў кніжнікі і фарысеі пачалі моцна нападаць на Яго і дапытвацца ў Яго шмат пра што. І хацелі пачуць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.
  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.