Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 3, 7–14
Тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Зразумейце, што тыя, хто верыць, гэта сыны Абрагама. І Пісанне, якое прадбачыла, што Бог праз веру апраўдае язычнікаў, ужо Абрагаму абвясціла добрую навіну: У табе благаслаўлёныя будуць усе народы. Таму тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам. А ўсе, хто спадзяецца на ўчынкі паводле Закону, знаходзяцца пад праклёнам, бо напісана: Пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напісана ў кнізе Закону, каб чыніць гэта. А што дзякуючы Закону ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта відавочна, бо справядлівы вераю жыць будзе. Закон жа не з веры, але той, хто выконвае наказы, той жыць будзе дзякуючы ім.

Хрыстус адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы праклёнам за нас, бо напісана: Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве, — каб благаслаўленне Абрагама праз Хрыста Езуса пашырылася на язычнікаў, каб мы атрымалі праз веру абяцанага Духа.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 111 (110), 1–2. 3–4. 5–6 (Р.: 5b)

Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.

1. Буду славіць Пана ўсім сваім сэрцам *
у коле праведных і на сходзе.
2. Вялікія справы Пана, *
жаданыя для ўсіх, хто іх любіць.

Рэфрэн:

3. Справа Ягоная — гэта хараство і веліч, *
а справядлівасць Ягоная трывае навекі.
4. Учыніў памятнымі свае цуды, *
ласкавы і міласэрны Пан.

Рэфрэн:

5. Спажытак дае тым, хто Яго баіцца, *
навекі памятае пра свой запавет.
6. Моц сваіх справаў абвясціў свайму народу, *
каб даць яму спадчыну язычнікаў.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 12, 31б–32

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон, — кажа Пан, —
і Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 15–26
Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус выганяў злых духаў, казалі некаторыя з натоўпу: Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў. А іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад яго знаку з неба.

Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Усялякае валадарства, якое падзялілася ў самім сабе, спусташаецца, і дом падае на дом. Калі ж і сатана раздзяліўся ў сабе, як устаіць валадарства ягонае? Вы ж кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. А калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства. Калі ўзброены асілак пільнуе свой двор, у бяспецы маёнтак ягоны. Калі ж мацнейшы за яго нападзе і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідвае.

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то ходзіць па бязводных мясцінах, каб знайсці адпачынак, і, не знаходзячы, кажа: Вярнуся да свайго дому, адкуль выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою яшчэ сем духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там. І апошні стан гэтага чалавека становіцца горшым за папярэдні.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"