Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 2, 1–2. 7–14
Даведаліся пра дадзеную мне ласку

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Праз чатырнаццаць гадоў я зноў пайшоў у Ерузалем з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта. Аб’яўленне прывяло мяне туды. І Евангелле, якое прапаведую язычнікам, я выклаў сам-насам паважаным асобам, каб не аказалася, што я бегаю ці бегаў дарэмна.

Калі Якуб, Кефас і Ян, якіх лічаць стаўпамі, убачылі, што мне даручана евангелізацыя неабрэзаных, як Пятру — абрэзаных (бо той, хто дапамагаў Пятру ў апостальстве абрэзаных, дапамагаў і мне паміж язычнікамі), і калі даведаліся пра дадзеную мне ласку, яны падалі мне і Барнабе правіцу на знак супольнасці, каб нам ісці да язычнікаў, а ім — да абрэзаных. Яны прасілі толькі, каб мы помнілі пра ўбогіх, і менавіта гэта я старанна рабіў.

Калі Кефас прыбыў у Антыёхію, дык я супрацівіўся яму ў вочы, бо ён заслугоўваў дакору. Бо перш, чым некаторыя прыбылі ад Якуба, ён еў разам з язычнікамі. Калі ж тыя з’явіліся, пачаў аддаляцца і адасабляцца, баючыся абрэзаных. І крывадушнічалі разам з ім таксама іншыя юдэі, так што нават Барнабу звяла іхняя крывадушнасць. Але, убачыўшы, што яны збочылі са шляху евангельскай праўды, я сказаў Кефасу перад усімі: Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, то чаму прымушаеш язычнікаў жыць па-юдэйску.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 117 (116), 1. 2. (Р.: Мк 16, 15)

Рэфрэн: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле.

3. Хваліце Пана, усе народы, *
праслаўляйце Яго ўсе плямёны.

Рэфрэн:

4. Бо вялікая над намі Яго міласэрнасць, *
і вернасць Ягоная трывае навекі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Рым 8, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Мы прынялі Духа ўсынаўлення,
у якім клічам: Абба, Ойча!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 1–4
Пане, навучы нас маліцца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў маліцца, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.

Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце:
Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць