Серада — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 9, 1–12. 14–16
Як апраўдаецца чалавек перад Богам

Чытанне кнігі Ёва.

Адказваючы, Ёў сказаў сваім сябрам:

Сапраўды, ведаю, што так ёсць, бо як апраўдаецца чалавек перад Богам. Калі хто захоча спрачацца з Ім, то не адкажа Яму ні разу на тысячу. Ён мудры сэрцам і магутны сілай. Хто паўставаў супраць Яго і заставаўся ў спакоі? Ён пераносіць горы, і не ведаюць яны, што Ён пераварочвае іх у сваім гневе. Ён падымае зямлю з яе месца, і слупы яе дрыжаць. Ён загадвае сонцу, і яно не ўзыходзіць, і зоркі замыкае, нібы пад пячаткай. Ён адзін рассцілае нябёсы і крочыць па марскіх плынях. Ён стварыў Арктур, Арыён і Плеяды, і паўднёвыя пакоі. Ён чыніць вялікае і неспазнавальнае, і цудоўнае без ліку!

Калі прыйдзе да мяне, не ўбачу Яго. Не заўважу, калі адыдзе. Калі раптам схопіць, хто Яму перашкодзіць? Хто скажа: Што Ты робіш? Што ж магу я адказаць Яму, шукаючы словы перад Ім? Калі б нават я меў слушнасць, не адказаў бы нічога, але прасіў бы аб літасці майго Суддзю. Калі б я паклікаў, і Ён адказаў мне, я не паверыў бы, што Ён пачуў мой голас.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 88 (87), 10bc–11. 12–13. 14–15 (Р.: 3а)

Рэфрэн: Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча.

10. Штодня я клічу Цябе, Пане, *
да Цябе працягваю рукі мае.
11. Ці ж памерлым Ты учыніш цуды? *
Ці ж мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?

Рэфрэн:

12. Ці ў магіле абвяшчаецца Твая міласэрнасць, *
і праўда Твая ў месцы згубы?
13. Хіба ў цемры пазнаюць Твае цуды, *
і ў краіне забыцця Тваю справядлівасць?

Рэфрэн:

14. Але я клічу Цябе, Пане, *
і раніцай мая малітва Цябе сустракае.
15. Чаму адкідаеш, Пане, душу маю, *
хаваеш аблічча сваё ад мяне?

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Флп 3, 8–9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я ўсё прызнаю стратай і лічу смеццем,
каб набыць Хрыста і знайсці сябе ў Ім.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 57–62
Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць