Аўторак — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 3, 1–3. 11–17. 20–23
Навошта дадзена няшчаснаму святло
Чытанне кнігі Ёва.
Ёў адкрыў свае вусны і пракляў дзень свой, і так пачаў гаварыць:
Няхай згіне дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую сказана: Зачаты чалавек. Чаму не памёр я, выходзячы з улоння, і не сканаў, калі выйшаў з нутра. Навошта прынялі мяне калені, а грудзі кармілі мяне? Цяпер бы ціха ляжаў і спачываў у сне сваім разам з каралямі і ўладарамі зямлі, якія ўзносілі сабе грабніцы, або з князямі, якія мелі золата і напаўнялі дамы свае срэбрам. Ці, як выкідыш схаваны, я не існаваў бы; як зачатыя, што не бачылі святла. Там бязбожнікі ўжо не мітусяцца, знясіленыя там адпачываюць.
Навошта дадзена няшчаснаму святло, а жыццё тым, хто ў горычы душэўнай; хто чакае смерці, а яна не прыходзіць; хто шукаў бы яе ахвотней, чым скарб; хто ўзрадаваўся б і вельмі ўсцешыўся б, што знайшоў магілу? Навошта дадзена святло чалавеку, якому шлях закрыты і якога Бог ахінуў змрокам?
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 88 (87), 2–3. 4–5. 6. 7–8 (Р.: 3а)
Рэфрэн: Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча.
2. Пане, Божа збаўлення майго, *
удзень і ўначы клікаў я перад Табою.
3. Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча, *
схілі вуха сваё да крыку майго.
Рэфрэн:
5. Бо душа мая насыцілася няшчасцямі, *
і жыццё маё наблізілася да адхлані.
6. Мяне залічваюць да тых, хто сыходзіць у магілу, *
я стаў быццам чалавек, пазбаўлены сілы.
Рэфрэн:
7. Паміж мёртвымі я пакінуты, *
як забітыя, што спяць у магіле,
пра якіх Ты больш не ўспамінаеш, *
яны адкінутыя ад Тваёй рукі.
Рэфрэн:
8. Ты паклаў мяне ў глыбокім доле, *
у змроку і ў бездані.
9. Спачыла на мне Твая лютасць, *
і ўсе хвалі Твае Ты спаслаў на мяне.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 10, 45
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 51–56
Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.
Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх? Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні