Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 1, 6–22
Пан даў, і Пан забраў. Няхай будзе благаслаўлёнае імя Пана

Чытанне кнігі Ёва.

У пэўны дзень, калі прыйшлі сыны Божыя, каб стаць перад абліччам Пана, прыйшоў таксама разам з імі сатана. І сказаў Пан сатане: Адкуль ты прыйшоў? Сатана адказаў Пану: Я хадзіў па зямлі і абышоў яе. Пан сказаў сатане: Ці звярнуў ты ўвагу на Майго слугу Ёва, бо няма падобнага да яго на зямлі: ён чалавек беззаганны, справядлівы, які баіцца Бога і пазбягае зла. Сатана сказаў Пану ў адказ: Ці ж задарма баіцца Ёў Бога? Ці не забяспечыў Ты з усіх бакоў яго і дом ягоны, і ўсё, што ягонае? Справу рук ягоных Ты благаславіў, і маёнтак ягоны пашыраецца на зямлі. Але працягні руку сваю і дакраніся да ўсяго, што ягонае, — ці будзе ён благаславіць Цябе перад Тваім абліччам? І сказаў Пан сатане: Вось усё, што ягонае, у руцэ тваёй, толькі на яго самога не працягвай рукі сваёй. І адышоў сатана ад аблічча Пана.

Аднойчы, калі сыны і дочкі Ёва елі і пілі віно ў доме свайго першароднага брата, прыйшоў пасланец да Ёва і сказаў: Валы аралі, а асліцы пасвіліся каля іх. Раптам напалі савеяне і ўзялі іх, а слугаў забілі вастрыём мяча. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Калі ён яшчэ гаварыў, прыходзіць другі і кажа: Агонь Божы ўпаў з неба і спаліў авечак, і пазабіваў слугаў. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Таксама, калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў іншы і сказаў: Халдэі зрабілі тры атрады і напалі на вярблюдаў, і забралі іх, а слугаў забілі вастрыём мяча. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Яшчэ ён не скончыў гаварыць, як прыйшоў іншы і сказаў: Калі сыны твае і дочкі твае елі і пілі віно ў доме свайго першароднага брата, раптам наляцеў вялікі вецер з пустыні і ўдарыў у чатыры вуглы дому, і ён упаў на дзяцей, і яны памерлі. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Тады Ёў устаў і разарваў шаты свае, пастрыг галаву і, упаўшы на зямлю, пакланіўся, і сказаў: Голы я выйшаў з улоння маці маёй і голы вярнуся туды. Пан даў, і Пан забраў. Няхай будзе благаслаўлёнае імя Пана.

Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў, і не сказаў нічога дрэннага супраць Бога.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 17 (16), 1. 2–3. 6–7 (Р.: 6b)

Рэфрэн: Схілі вуха Тваё і пачуй мае словы.

2. Выслухай, Пане, маю справядлівасць, *
пачуй маю просьбу,
прымі маю малітву *
з вуснаў неілжывых.

Рэфрэн:

3. Ад аблічча Твайго няхай выходзіць прысуд мой, *
няхай бачаць вочы Твае праведнасць.
4. Ты праверыў маё сэрца і ноччу мяне наведаў, *
выпрабоўваў мяне і не знайшоў несправядлівасці ўва мне.

Рэфрэн:

6. Я клічу Цябе, бо Ты выслухаеш мяне, Божа; *
схілі вуха Тваё да мяне, пачуй мае словы.
8. Пакажы цуды міласэрнасці сваёй, *
Збаўца, які ратуеш ад ворагаў тых, хто спадзяецца на Тваю правіцу.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 10, 45

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 46–50
Хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Між вучняў паўстала пытанне: хто з іх быў бы большы? Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, а хто прымае Мяне, той прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі.

Ян сказаў у адказ: Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі. І сказаў яму Езус: Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.