Чацвер — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Экл 1, 2–11
Нічога новага пад сонцам

Чытанне кнігі Эклезіяста.

Марнасць марнасцяў, — кажа Эклезіяст, — марнасць марнасцяў і ўсё марнасць. Якая карысць чалавеку з усёй яго працы, што робіць пад сонцам? Пакаленне мінае, пакаленне прыходзіць, але зямля трывае навекі. Сонца ўзыходзіць, сонца заходзіць і спяшаецца да свайго месца, дзе ўзышло. Вецер вее на поўдзень і вяртаецца на поўнач, няспынна дзьме вакол, вяртаючыся на свае колы. Усе рэкі цякуць да мора, але мора не перапаўняецца; да месца, адкуль цякуць, зноў вяртаюцца рэкі.

Усе рэчы цяжкія, і ніхто не можа выказаць гэтага; вока не насыціцца ўбачаным, вуха не напоўніцца пачутым. Што было, тое зноў будзе; а што паўстала, тое зноў узнікне: няма нічога новага пад сонцам. Бывае нешта, аб чым кажуць: Глядзі, новае штосьці! Аднак гэта існавала ад вякоў, што перад намі былі. Няма памяці аб мінулым, і будучае не застанецца ў памяці тых, хто прыйдзе пасля.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 90 (89), 3–4. 5–6. 12–13. 14 і 17 (Р.: 1)

Рэфрэн: Пан наш прытулак з пакалення ў пакаленне.

3. Ты вяртаеш чалавека ў пыл і кажаш: *
Вяртайцеся сыны Адама.
4. Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі, †
як дзень учарашні, які мінуў, * або як адна начная варта.

Рэфрэн:

5. Нібы разводдзем іх змываеш, †
яны становяцца нібы ранішні сон, *
як трава, што расце:
6. раніцай цвіце і зелянее, *
а ўвечары вяне і сохне.

Рэфрэн:

12. Навучы нас так лічыць дні нашыя, *
каб мы здабылі мудрасць сэрца.
13. Вярніся, Пане, колькі ж яшчэ? *
Пашкадуй слугаў сваіх!

Рэфрэн:

14. Напоўні раніцаю нас сваёй міласэрнасцю, *
і мы будзем цешыцца і весяліцца ва ўсе дні нашыя.
17. Няхай прыхільнасць Пана Бога нашага будзе над намі, †
і працу нашых рук умацуй, * умацуй справу рук нашых.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога, і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 7–9
Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян уваскрос з мёртвых; другія, што з’явіўся Ілля; іншыя ж, што паўстаў нехта з даўніх прарокаў. Але Ірад казаў: Яну я адсек галаву, то хто ж гэта, пра каго я чую такія рэчы?

І хацеў убачыць Езуса.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць