Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 30, 5–9
Не давай мне ні беднасці, ні багацця, але ўдзяляй мне хлеба, колькі адмерана мне

Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.

Кожнае слова Бога выпрабавана ў агні;
Ён шчыт для тых, хто ў Ім прыбежышча шукае.
Не дадавай нічога да Ягоных слоў,
каб Ён не дакарыў цябе і ты не аказаўся ілгуном.
Дзвюх рэчаў я прашу ў Цябе, Пане,
не адмаўляй мне ў гэтым аж да смерці.
Адхіляй ад мяне падман і хлусню
і не давай мне ні беднасці, ні багацця,
але ўдзяляй мне хлеба, колькі адмерана мне,
каб, выпадкам, стаўшы сытым я не адрокся
і не гаварыў: Хто Пан? —
каб красці ад беднасці не стаў
і не зняважыў імя Пана.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 29. 72. 89. 101. 104. 163 (Р.: 105а)

Рэфрэн: Тваё слова — светач для маіх ног.

29. Аддалі ад мяне шлях падману *
і дай мне Закон Твой.
72. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы, *
чым мноства золата і срэбра.

Рэфрэн:

89. Навекі, Пане, *
устаноўлена Тваё слова ў нябёсах.
101. Устрымліваю ногі свае ад кожнай злой сцежкі, *
каб захоўваць Тваё слова.

Рэфрэн:

104. Я разумнею ад Тваіх наказаў, *
таму я ненавіджу ўсякі шлях ілжывы.
163. Я ненавіджу фальш і адчуваю да яго пагарду, *
але маё ўпадабанне — у Тваім Законе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 15

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Наблізілася Валадарства Божае,
кайцеся і верце ў Евангелле.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 1–6
Паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус паклікаў Дванаццаць і даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі і ўладу лячыць хваробы. Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых. І сказаў ім: Нічога не бярыце з сабою ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні грошай — не майце таксама па дзве вопраткі. Да якога дому ўвойдзеце, у тым і заставайцеся аж да свайго адыходу. Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх.

Адправіўшыся, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: слова, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць