Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

ХХV Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 2, 12. 17–20
Засудзім яго на ганебную смерць

Чытанне кнігі Мудрасці.

Бязбожнікі казалі самі сабе:

Зробім пастку на справядлівага, бо ён бескарысны для нас і працівіцца нашым учынкам, дакарае нас у грахах супраць Закону, вінаваціць нас ў грахах супраць нашага выхавання.

Пабачым, ці праўдзівыя словы ягоныя, і праверым, што будзе пры сконе ягоным. Бо калі справядлівы – гэта сын Божы, то Бог абароніць яго і вырве яго з рукі праціўнікаў.

Праверым яго знявагаю і мукаю, каб пазнаць яго лагоднасць і выпрабаваць яго цярплівасць. Асудзім яго на ганебную смерць, бо, як ён кажа, паклапоцяцца аб ім.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 54 (53), 3–4. 5. 6 і 8 (Р.:6b)

Рэфрэн: Падтрымлівае Пан маё жыццё.

3. Уратуй мяне, Божа, сваім імем, *
і судзі мяне сваёю моцай.
4. Божа, пачуй маю малітву, *
выслухай словы маіх вуснаў.

Рэфрэн:

5. Бо супраць мяне паўсталі чужынцы, *
шукаюць магутныя майго жыцця,
яны не маюць Бога *
перад сабою.

Рэфрэн:

6. Вось Бог дапамагае мне, *
Пан падтрымлівае маё жыццё.
8. Я добраахвотна прынясу Табе ахвяру,*
падзякую Твайму імені, Пане, бо яно добрае.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Як 3, 16 — 4, 3
Плод справядлівасці сеюць ў спакоі тыя, хто чыніць спакой

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Умілаваныя:

Дзе зайздрасць і сварлівасць, там бязладдзе і ўсякая ліхая справа. А мудрасць, якая прыходзіць звыш, найперш — чыстая, потым — міралюбная, лагодная, пакорлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная. А плод справядлівасці сеюць ў спакоі тыя, хто чыніць спакой.

Адкуль у вас войны і змаганні? Не інакш, як з прагненняў вашых, якія змагаюцца ў частках целаў вашых. Прагнеце, а не маеце; забіваеце і зайздросціце, і не можаце атрымаць; змагаецеся і ваюеце. Не маеце з-за таго, што вы не просіце. Просіце і не атрымліваеце, таму што дрэнна просіце: каб растраціць на свае прагненні.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 2 Тэс 2, 14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бог паклікаў нас праз Евангелле
для дасягнення хвалы нашага Пана Езуса Хрыста.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 9, 30–37
Сын Чалавечы аддадзены будзе… Хто хоча быць першым, няхай будзе ўсіх слугою

Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.

Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.