Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 12, 12–14. 27–31а
Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — часткі

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Як цела адно, але мае многа частак, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.

Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

Цела — гэта не адна частка, але шмат.

Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — часткі.

Адных Бог паставiў у Касцёле найперш Апосталамi, другіх — прарокамi, трэцiх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. Цi ўсе Апосталы? Цi ўсе прарокi? Цi ўсе настаўнікі? Цi ўсе цудатворцы? Цi ўсе маюць дар аздараўлення? Цi ўсе гавораць мовамi? Цi ўсе тлумачаць?

Дбайце пра большыя дары.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 100 (99), 2. 3. 4. 5 (Р.: 3c)

Рэфрэн: Мы Яго народ і авечкі Ягонай паствы.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.

Рэфрэн:

5.Бо Пан ёсць добры, *
навекі Ягоная міласэрнасць,
і вернасць Яго *
з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 7, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 7, 11–17
Хлопча, кажу табе, устань

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і з Ім ішлі многія вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю. Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: Не плач.

І падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся. І сказаў: Хлопча, кажу табе, устань.

Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І Езус аддаў яго маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.

І разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць