Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — дваццаць другі звычайны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 4, 6b–15
Мы галадаем, смагнем і церпім галечу

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ад мяне і Аполаса навучыцеся не выходзіць па-за тое, што напісана, каб вы не ўзносіліся адзін над адным. Бо хто робіць цябе адрозным? Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў? Вы ўжо насыціліся, ужо ўзбагаціліся і пачалі валадарыць без нас. І няхай бы валадарылі, каб мы таксама пачалі валадарыць разам з вамі.

Бо я думаю, што Бог паказаў нас, Апосталаў, апошнімі, нібыта людзей, асуджаных на смерць. Таму што мы сталі відовішчам для свету, Анёлаў і людзей. Мы неразумныя дзеля Хрыста, вы ж разумныя ў Хрысце; мы немачныя, вы ж моцныя; вы ў славе, а мы без пашаны. Нават да цяперашняй гадзіны мы галадаем і смагнем, церпім галечу і пабоі, не маем дому і цяжка працуем, зарабляючы ўласнымі рукамі. Калі нас праклінаюць, мы благаслаўляем; калі пераследуюць, мы церпім; калі нас ганьбяць, мы адказваем ласкава. Мы сталі як смецце свету, як адкіды ўсяго ажно дагэтуль.

Я пішу гэта не для таго, каб пасаромець вас, але каб асцерагчы вас як сваіх умілаваных дзяцей. Бо калі б нават вы мелі безліч выхаваўцаў у Хрысце, у вас усё адно не будзе шмат айцоў, таму што я нарадзіў вас праз Евангелле ў Хрысце Езусе.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 145 (144), 17–18. 19–20. 21 (Р.: 18а)

Рэфрэн: Блізкі Пан да ўсіх, хто Яго кліча.

17. Пан справядлівы на ўсіх сваіх шляхах *
і верны ва ўсіх сваіх справах.
18. Блізкі Пан да ўсіх, хто Яго кліча, *
да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Рэфрэн:

19. Ён спаўняе жаданне тых, хто Яго баіцца, *
чуе іхні крык і ратуе іх.
20. Пан абараняе ўсіх, хто Яго любіць, *
але бязбожнікаў усіх знішчыць.

Рэфрэн:

21. Хвалу Пана *
будуць абвяшчаць мае вусны,
і няхай благаслаўляе ўсялякае цела *
Яго святое імя на векі вечныя.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 14, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — дарога, і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 1–5
Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У пэўны шабат давялося Езусу праходзіць праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.

І некаторыя з фарысеяў казалі: Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?

Тады Езус сказаў ім у адказ: Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся разам са сваімі спадарожнікамі? Як увайшоў ён у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якія дазвалялася есці толькі святарам, і даў іх сваім спадарожнікам.

І сказаў ім: Сын Чалавечы — гаспадар шабату.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Запрашаем на канферэнцыю па кнізе Мікалая Дзенісевіча «Финский капкан»

    13 кастрычніка ў 16.00 у бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца канферэнцыя па кнізе Мікалая Дзенісевіча «Финский капкан», якая распавядае пра лёс вязняў фінскіх канцлагераў. Прысутныя абмяркуюць невядомыя старонкі гісторыі беларускіх перасяленцаў у Карэлію (1940–1941гг.).

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"