Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

27 жніўня — успамін св. Монікі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 26, 1–4. 16–21 (гр. 1–4. 13–16)
Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана, так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Шчаслівы муж, які мае добрую жонку,
колькасць ягоных дзён падвоіцца.
Дасканалая жонка цешыць мужа свайго,
і ён дасягне паўнаты свайго ўзросту ў спакоі.
Добрая жонка — гэта шчаслівая доля,
якая дастанецца тым, хто баіцца Пана.
Тады задаволена сэрца і багатага, і беднага,
і ў кожную часіну вясёлы твар яго.
Любасць добрай жонкі прыносіць асалоду яе мужу,
а яе ўмеласць умацоўвае ягоныя косці.
Дар Пана — маўклівая жонка,
а выхаваная душа не мае цаны.
Любасць над любасцю — сарамлівая жонка,
і няма нічога больш каштоўнага, чым цнатлівая душа.
Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана,
так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 131 (130), 1. 2–3

Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.

1. Пане, маё сэрца не ганарыцца *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.

Рэфрэн:

2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 8, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — святло свету, — кажа Пан.
Хто ідзе за Мною, будзе мець святло жыцця.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 7, 11–17
У сваіх думках [маці] выносіла [мяне] на насілках, каб Ты [, Пане,] змог сказаць сыну ўдавы: Хлопча, табе кажу, устань! (св. Аўгустын, Вызнанні, 6,2)

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і з Ім ішлі многія вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю. Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: Не плач.

І падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся. І сказаў: Хлопча, кажу табе, устань.

Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І Езус аддаў яго маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.

І разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць