Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — дваццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 34, 1–11
Вызвалю свой статак з іхніх вуснаў, і яны больш не будуць іхняй спажывай

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан скіраваў да мяне слова: Сыне чалавечы, прароч супраць пастыраў Ізраэля, прароч і скажы пастырам, што так кажа Пан Бог:

Гора пастырам Ізраэля, якія пасвілі саміх сябе! Хіба не павінны пастыры пасвіць авечак? Вы елі тук, апраналіся ў воўну і рэзалі адкормленых авечак, але не пасвілі статка. Вы не падмацоўвалі слабой і не лячылі хворай, параненай не перавязвалі і не вярталі той, што заблукала, згубленай вы не шукалі, але панавалі над імі сілаю і гвалтам. І рассеяліся авечкі Мае, таму што не было пастыра ў іх. І сталі здабычаю ўсіх дзікіх звяроў, і разбегліся. Блукаюць авечкі Мае па ўсіх гарах і па кожным высокім пагорку, і па ўсёй паверхні зямлі рассеяліся авечкі Мае. Ніхто іх не пільнаваў, і ніхто не шукаў іх.

Таму, пастыры, слухайце слова Пана: Я жывы, — кажа Пан Бог. За тое, што Мой статак стаў здабычаю, і авечкі Мае сталі спажываю для ўсіх дзікіх звяроў, бо пастыра няма; за тое, што пастыры не пільнавалі Майго статка, але пасвілі саміх сябе, за гэта, пастыры, слухайце словы Пана. Так кажа Пан Бог: вось Я — супраць пастыраў. Я спаганю свой статак з іхніх рук і ўчыню, што перастануць пасвіць авечак. Пастыры не будуць больш пасвіць саміх сябе. Я вызвалю свой статак з іхніх вуснаў, і яны больш не будуць іхняй спажывай.

Бо так кажа Пан Бог: Вось Я сам буду шукаць авечак Маіх і перагледжу іх.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6 (Р.: 1)

Рэфрэн: Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы.

1. Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, *
2. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах.
Да водаў спакойных вядзе мяне, *
3. Ён душу маю пажыўляе.

Рэфрэн:

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці *
дзеля Імя свайго.
4. Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, †
не буду баяцца зла, бо Ты са мною. * Тваё жазло і Твой посах мяне суцяшаюць.

Рэфрэн:

5. Ты стол для мяне накрываеш *
на вачах маіх ворагаў;
намашчваеш галаву маю алеем, *
келіх мой перапоўнены.

Рэфрэн:

6. Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною *
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана *
на доўгія дні.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Гбр 4, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Жывое слова Божае і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 20, 1–16а
Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:

Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"