Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 16, 1–15. 60. 63
Ты была дасканалаю ў аздобе Маёй, якой Я цябе адарыў, і стала чужаложыць

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан скіраваў да мяне слова: Сыне чалавечы, пакажы Ерузалему агіду ягоную і скажы яму: гэта кажа Ерузалему Пан Бог: тваё паходжанне і твая радзіма — у зямлі ханаанскай, бацька твой — амарэй, а маці — хетэйка. Калі ты нарадзілася, у дзень тваіх народзін, не абрэзалі пупавіны табе і для ачышчэння не абмылі цябе ў вадзе, не нацерлі цябе соллю і не спавілі ў пялёнкі. Нічыё вока не пашкадавала цябе, каб міласэрна зрабіць табе хоць нешта з гэтага, аднак з пагардай да твайго жыцця выкінулі цябе на голае поле ў дзень, калі ты нарадзілася.

Праходзячы міма цябе, Я ўбачыў цябе, кінутую на патаптанне ў сваёй крыві, і сказаў табе: Жыві ў сваёй крыві! Так, Я сказаў табе: Жыві ў сваёй крыві! Я расціў цябе як палявую расліну. І ты вырасла, і стала вялікай, і дасягнула незвычайнай прыгажосці: узняліся грудзі твае і выраслі валасы твае, але ты ўсё яшчэ была голай і непрыкрытай.

Я праходзіў каля цябе і ўбачыў цябе. Гэта быў час твой, час кахання. Я распасцёр шаты свае над табою і прыкрыў тваю галечу. Я пакляўся табе і заключыў з табой запавет, – кажа Пан Бог, – і ты стала Маёю. Я абмыў цябе вадою, абцёр з цябе кроў і намасціў цябе алеем. Я апрануў цябе ў вышываныя шаты, абуў цябе ў саф'янавыя чаравікі, бісерам аперазаў цябе і накрыў шоўкам. Каштоўнасцямі ўпрыгожыў цябе, надзеў бранзалеты на рукі твае, а ланцужок на тваю шыю. Я даў кальцо табе ў нос і завушніцы для тваіх вушэй, на галаву тваю ўсклаў цудоўную карону. І ты прыбралася ў золата і срэбра, апранулася ў бісер і шоўк, у вышываныя шаты. Ты спажывала найчысцейшую муку, мёд і алей. Ты стала надзвычай прыгожай і дасягнула каралеўскай велічы. І разышлася слава твая між народамі з прычыны красы тваёй, бо ты была дасканалаю ў аздобе Маёй, якой Я цябе адарыў, — кажа Пан.

Але ты ўсклала надзею на сваю прыгажосць і з-за славы сваёй стала чужаложыць. Ты рассыпала сваю распусту, аддаючыся кожнаму, хто праходзіў міма цябе.

Аднак Я буду памятаць пра свой запавет, што заключыў з Табою ў дні маладосці тваёй, і ўстанаўлю з табою вечны запавет, каб ты памятала і саромелася і каб ад сораму не магла больш адкрыць вуснаў сваіх у той час, калі я дарую табе ўсё, што ты рабіла, — кажа Пан Бог.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Іс 12, 2–3. 4bcd. 5–6 (Р.: 1с)

Рэфрэн: Пан адкінуў гнеў свой і мяне суцешыў.

2. Вось Бог — маё збаўленне, на Яго спадзяюся і баяцца не буду.*
Бо Пан — мая моц і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем.
3. Вы з радасцю будзеце чэрпаць ваду *
з крыніцаў збаўлення.

Рэфрэн:

4. Праслаўляйце Пана, *
заклікайце імя Ягонае
і абвяшчайце сярод народаў справы Яго; *
нагадвайце, што ўзнёслае імя Ягонае.

Рэфрэн:

5. Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, *
абвясціце гэта па ўсёй зямлі.
6. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, *
бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 1 Тэс 2, 13

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыміце слова Божае не як чалавечае слова,
але, што ёсць на самой справе, як Божае слова.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 19, 3–12
Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю?

Ён сказаў ім у адказ: Хіба не чыталі вы, што Створца спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай. І сказаў: Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і абое стануць адным целам. Таму яны ўжо не двое, але адно цела. Таму няхай чалавек не раздзяляе таго, што злучыў Бог.

Тады яны сказалі Яму: Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе.

Езус сказаў ім: Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. А Я кажу вам: Хто развядзецца з жонкаю сваёю не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць.

Сказалі Яму вучні Ягоныя: Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца.

Ён сказаў ім: Не ўсе могуць прыняць гэтае слова, але тыя, каму дадзена. Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага.

Хто можа прыняць гэта, няхай прымае.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"