Серада — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 9, 1–7; 10, 18–22
Знак «ТАЎ» на чолах тых, хто смуткуе з прычыны агіды Ерузалема

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан голасна ўсклінуў да вушэй маіх, кажучы: Наблізьцеся, карнікі горада, кожны са знішчальнай зброяй у руках. І вось прыйшло шэсць мужоў з дарогі да верхняй брамы, што звернута на поўнач, і кожны меў у руцэ знішчальную зброю. Таксама адзін муж сярод іх быў апрануты ў ільняное адзенне, а на баку меў пісарскія прылады. Яны прыйшлі і спыніліся каля меднага ахвярніка. І слава Божая перанеслася з-над Херубіма, над якім была, да парога дому. Тады Пан паклікаў мужа, які быў апрануты ў ільняное адзенне і меў на баку пісарскія прылады, і сказаў яму: Прайдзі пасярод горада, пасярод Ерузалема, і пастаў знак «ТАЎ» на чолах людзей, якія ўздыхаюць і смуткуюць з прычыны ўсёй агіды, што творыцца ў ім.

А іншым сказаў, як пачуў я: Ідзіце па горадзе следам за ім і забівайце, няхай не шкадуе вока ваша, і не майце літасці: старога, юнака, дзяўчыну, дзяцей і жанчын пазабівайце дашчэнту. Аднак не падступайце ні да кога, на кім убачыце знак «ТАЎ». Пачніце з Маёй святыні.

І яны пачалі са старэйшын, што былі перад святыняй. І сказаў ім: Зганьбіце святыню і напоўніце панадворкі забітымі. Выходзьце.

Яны выйшлі і забівалі тых, хто быў у горадзе.

Хвала Пана адышла з парога святыні і спынілася над Херубімамі. І Херубімы, падняўшы крылы свае, узвысіліся над зямлёю перада мною. Калі яны адыходзілі, калясніцы ішлі разам з імі. Яны спыніліся каля ўваходу ва ўсходнюю браму дому Пана, і хвала Бога Ізраэля была над імі. Гэта была жывая істота, якую бачыў я пад Богам Ізраэля над ракою Хабар, і я зразумеў, што гэта — Херубімы. У кожнага з чатырох было па чатыры твары, кожны меў па чатыры крылы і падабенства чалавечых рук пад сваімі крыламі. А падабенства твараў іхніх нагадвала тыя твары, што я бачыў над ракою Хабар. Кожны ішоў проста наперад.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 113 (112), 1–2. 3–4. 5–6 (Р.: 4b)

Рэфрэн: Па-над нябёсамі слава Пана Бога.

Або: Аллелюя.

1. Хваліце, слугі Пана, *
хваліце імя Пана.
2. Няхай будзе імя Пана благаслаўлёна *
цяпер і навекі.

Рэфрэн:

3. Ад усходу сонца да захаду *
няхай будзе праслаўлена імя Пана.
4. Узвышаны Пан над усімі народамі, *
па-над нябёсамі слава Ягоная.

Рэфрэн:

5. Хто падобны да Пана, Бога нашага, *
6. які схіляецца, каб паглядзець на неба і зямлю,
7. які падымае беднага з пылу
і са смецця ўзносіць убогага.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 5, 19

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет,
даючы нам слова паяднання.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 18, 15–20
Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці дваіх, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу, а калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: усё, што вы звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе, і ўсё, што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе.

Зноў жа, сапраўды, кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць