Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 2, 8 — 3, 4
Я з’еў гэты скрутак, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан:

Ты, сыне чалавечы, слухай, што Я кажу табе: Не бунтуйся, як гэты мяцежны дом. Адкрый вусны свае і з’еш, што Я дам табе.

І ўбачыў я: вось рука працягнута да мяне, а ў ёй — скрутак кнігі. Ён разгарнуў яго перада мною. А ён быў спісаны з абодвух бакоў, а запісаны на ім былі галашэнне, стагнанне і гора.

І сказаў мне: Сыне чалавечы, з’еш тое, што перад табою, з’еш гэты скрутак і ідзі, гавары дому Ізраэля. Я адкрыў свае вусны, і Ён даў мне з’есці гэты скрутак, кажучы мне: Сыне чалавечы, напоўні свой жывот і насыць сваё нутро гэтым скруткам, што Я даю табе. І я з’еў яго, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд.

Тады сказаў мне: Сыне чалавечы, ідзі, скіруйся да дому Ізраэля і гавары да іх Маімі словамі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 14 і 24. 72 і 103. 111 і 131 (Р.: 103а)

Рэфрэн: Якія салодкія словы Твае, Пане.

14. Шляху сведчанняў Тваіх я радуюся *
больш за ўсе багацці.
24. Тваё ж сведчанне — гэта маё суцяшэнне, *
парада для мяне.

Рэфрэн:

72. Закон вуснаў Тваіх для мяне лепшы, *
чым мноства золата і срэбра.
103. Якія салодкія словы Твае для майго паднябення, *
саладзейшыя за мёд для маіх вуснаў.

Рэфрэн:

111. Твае сведчанні — мая спадчына навекі, *
бо яны — радасць майго сэрца.
131. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, *
бо прагну запаведзяў Тваіх.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 29аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вазьміце ярмо Маё на сябе
і навучыцеся ад Мяне, — кажа Пан, —
бо Я ціхі і пакорны сэрцам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 18, 1–5. 10. 12–14
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.

Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах.

Езус сказаў сваім вучням: Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

Гэтак няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"