Пятніца — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нвм 2, 1. 3; 3, 1–3. 6–7
Гора крываваму гораду
Чытанне кнігі прарока Навума.
Вось на гарах ступні таго, хто прыносіць добрую вестку і абвяшчае мір. Адзначай, Юдэя, святы свае, выконвай свае абяцанні, таму што больш не будзе нягоднік хадзіць па табе, ён знішчаны цалкам.
Бо Пан аднавіў веліч Якуба, як веліч Ізраэля, бо іх спусташальнікі знішчылі іх і паламалі вінаградныя галінкі іхнія.
Гора крываваму гораду, поўнаму падману і зла, дзе не спыняецца рабаванне. Свіст бізуноў і грукатанне колаў, галоп коней і хуткі бег калясніц. Вершнік рвецца, зіхцяць мячы і блішчаць дзіды, мноства палеглых і груды мёртвых, няма канца трупам, аж спатыкаюцца аб целы.
Я закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагардаю і выстаўлю на ганьбу. І кожны, хто цябе ўбачыць, адскочыць і скажа: Спустошана Нініва! Хто яе пашкадуе? Дзе знайду я суцяшальніка табе?
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Дрг 32, 35cd–36аb. 39аbcd. 41 (Р.: 39c)
Рэфрэн: Я забіваю і ажыўляю.
35. Блізкі дзень іх згубы, *
і спяшаецца іхні лёс да іх.
36. Але Пан будзе судзіць народ свой *
і злітуецца над слугамі сваімі.
Рэфрэн:
39. Цяпер бачыце, што Я, гэта Я існую, *
і няма Бога, апроч Мяне.
Я забіваю і ажыўляю, *
Я раню, і Я аздараўляю.
Рэфрэн:
41. Калі навастру меч бліскучы *
і прысуд выканае Мая рука,
то адпомшчу ворагам маім, *
адплачу тым, хто Мяне ненавідзіць.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 16, 24–28
Што дасць чалавек узамен за жыццё сваё?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а жыццю свайму прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за жыццё сваё? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто стаіць тут, не скаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні