Серада — васемнаццаты звычайны тыдзень. Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 31, 1–7
Любоўю вечнай Я палюбіў цябе

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У той час, — кажа Пан, — Я буду Богам для ўсіх пакаленняў Ізраэля, а яны будуць Маім народам.

Так кажа Пан: Народ, які ацалеў да мяча, знайшоў прыхільнасць у пустыні; Ізраэль пойдзе на свой адпачынак. Здалёк з’явіўся мне Пан і сказаў:

Любоўю вечнай Я палюбіў цябе, таму Я захаваў міласць да цябе. Я зноў адбудую цябе, і ты будзеш адбудавана, дзева Ізраэля! Ты зноў будзеш упрыгожвацца тымпанамі сваімі і выйдзеш у танцы з тымі, хто весяліцца. Ты зноў пасадзіш вінаграднікі на гарах Самарыі. Вінаградары будуць самі апрацоўваць іх і збіраць з іх плён. Бо настане дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: Устаньце, пойдзем на Сіён, да Пана Бога нашага. Бо так кажа Пан: Радасна спявайце для Якуба, усклікайце перад галавою народаў. Абвяшчайце, праслаўляйце і гаварыце: Збаў, Пане, народ свой, рэшту Ізраэля.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Ер 31, 10. 11–12аb. 13 (Р.: пар. 10d)

Рэфрэн: Пан зберажэ нас, як свой статак пастыр.

10. Слухайце, народы, слова Пана, *
абвяшчайце на далёкіх выспах і кажыце:
Хто рассеяў Ізраэль, той збярэ яго *
і будзе берагчы яго, як пастух свой статак.

Рэфрэн:

11. Бо Пан адкупіў Якуба, *
уратаваў з рукі мацнейшага, чым ён.
12. І яны прыйдуць і будуць спяваць на вышынях Сіёна, *
і схіляцца да дабротаў Пана.

Рэфрэн:

13. Тады дзяўчына будзе весяліцца ў танцы, *
і юнакі разам са старымі.
Я змяню іх плач на радасць, *
суцешу іх і развесялю пасля смутку.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 7, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 15, 21–28
О, жанчына! Вялікая вера твая

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус скіраваўся ў землі Тыру і Сідону. I вось жанчына ханаанэйская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апантаная дачка мая! Але Ён не адказаў ёй ні слова. I вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: Пане, памажы мне! Ён жа сказаў у адказ: Нядобра забраць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту стала здаровай дачка яе.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць