Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 28, 1–7
Ананія, Пан не пасылаў цябе, але ты зрабіў, што гэты народ паверыў хлусні

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

На пачатку панавання юдэйскага караля Сэдэкіі, у чацвёрты год і пяты месяц, сказаў мне Ананія, сын Азура, прарок з Гібэона, кажучы ў доме Пана перад святарамі і ўсім народам:

Так кажа Пан Магуццяў, Бог Ізраэля: Я зламаю ярмо караля Бабілёна. Яшчэ два гады, і Я вярну на гэта месца ўсё начынне з дому Пана, якое Навухаданосар, бабілёнскі кароль, забраў з гэтага месца і вывез у Бабілён. Таксама Ехонію, сына Ёахіма, караля Юды, і ўсіх палонных юдэйскіх, якія прыйшлі ў Бабілён, Я вярну на месца гэтае, — кажа Пан, — бо Я зламаю ярмо караля Бабілёна.

Тады прарок Ерамія звярнуўся да прарока Ананіі перад святарамі і ўсім народам, які стаяў у доме Пана. І сказаў прарок Ерамія: Сапраўды, няхай Пан зробіць так! Няхай Пан здзейсніць твае словы, што ты прарочыў, і верне з Бабілёна на месца гэта начынне з дому Пана і ўсіх палонных. Аднак паслухай тое слова, што я скажу вушам тваім і ўсяму народу. Прарокі, якія былі да мяне і да цябе з даўніх часоў, прадказвалі многім краінам і вялікім каралеўствам войны, голад і мор. А прарок, які прадказваў мір, лічыўся сапраўдным прарокам, пасланым Панам, калі спаўнялася прароцтва ягонае.

Тады Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі і зламаў яго. І сказаў Ананія перад усім народам: Так кажа Пан: за два гады Я скіну з шыі ўсіх народаў ярмо Навухаданосара, караля Бабілёна.

А прарок Ерамія пайшоў сваёй дарогай. І пасля таго, як Ананія скінуў ярмо з шыі прарока Ераміі, Пан скіраваў слова да Ераміі:

Ідзі і скажы Ананіі: Так кажа Пан: ты заламаў ярмо драўлянае, але зробіш замест гэтага ярмо жалезнае. Бо так кажа Пан Бог Магуццяў, Бог Ізраэля: Я ўсклаў жалезнае ярмо на шыю ўсіх тых народаў, каб яны служылі Навухаданосару, каралю Бабілёна, і былі падпарадкаваныя яму. Я падпарадкоўваю яму нават палявых звяроў.

І сказаў прарок Ерамія прароку Ананіі: Слухай, Ананія. Пан не пасылаў цябе, але ты зрабіў, што гэты народ паверыў хлусні. Таму так кажа Пан: Вось Я скіну цябе з паверхні зямлі, і сёлета памрэш ты, бо абвяшчаў бунт супраць Пана.

І памёр прарок Ананія ў гэтым жа годзе, у сёмым месяцы.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 29 і 43. 79–80. 95 і 102 (Р.: 68b)

Рэфрэн: Навучы мяне, Пане, Тваім пастановам.

29. Аддалі ад мяне шлях падману *
і дай мне Закон Твой.
43. Не забірай ніколі з маіх вуснаў слова праўды, *
бо спадзяюся на Твае прысуды.

Рэфрэн:

79. Няхай звернуцца да мяне тыя, хто Цябе баіцца, *
і хто ведае Твае сведчанні.
80. Няхай маё сэрца будзе беззаганным у Тваіх пастановах, *
каб не спазнаў я сораму.

Рэфрэн:

95. Пільнуюць мяне грэшнікі, каб загубіць мяне, *
але я разважаю над Тваімі сведчаннямі.
102. Не ўхіляюся ад Тваіх прысудаў, *
бо Ты вучыш мяне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 4, 4b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 14, 13–21
Паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.

Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці. Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды.

Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.
  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.