Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 26, 11–16. 24
Сапраўды паслаў мяне да вас Пан сказаць усе гэтыя словы

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У тыя дні:

Святары і прарокі звярнуліся да кіраўнікоў і да ўсяго народа, кажучы: Гэты чалавек заслугоўвае смяротнага прысуду, бо ён прарочыў супраць горада гэтага, як вы чулі на ўласныя вушы.

Тады Ерамія адказаў усім кіраўнікам і ўсяму народу: Гэта Пан паслаў мяне прарочыць супраць гэтага дома і супраць гэтага горада ўсімі словамі, што вы пачулі. А цяпер папраўце свае шляхі і свае ўчынкі, слухайце голас Пана Бога вашага — і тады Пан адменіць пакаранне, якое задумаў супраць вас. Што да мяне, то я ў руках вашых. Рабіце са мною, што будзе здавацца добрым і справядлівым у вачах вашых. Але дакладна ведайце, што, калі заб’еце мяне, навядзеце на сябе і на жыхароў горада гэтага кроў нявінную, бо сапраўды паслаў мяне да вас Пан сказаць вушам вашым усе гэтыя словы.

Тады кіраўнікі і ўвесь народ сказалі святарам і прарокам: Гэты чалавек не заслугоўвае смерці, таму што ён прамаўляў да нас у імя Пана Бога нашага.

Аднак рука Ахікама, сына Шафана, была з Ераміяй, каб яго не аддалі ў рукі народа на смерць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 69 (68), 15–16. 30–31. 33–34 (Р.: пар. 14)

Рэфрэн: Пачуй мяне, Пане, у час ласкавасці.

15. Выцягні мяне з багны, каб не загразнуў, *
вызвалі ад ненавіснікаў і глыбокіх водаў,
16. няхай не зацягне мяне водная плынь, †
няхай не паглыне мяне багна, *
няхай не замкнецца нада мной пашча прорвы.

Рэфрэн:

30. Я ж бедны і пакутую; *
дапамога Твая, Божа, няхай падтрымае мяне.
31. Я буду славіць імя Божае, *
удзячным спевам буду ўзвялічваць Яго.

Рэфрэн:

33. Убачаць убогія і ўсцешацца, *
і ажыве сэрца тых, хто шукае Бога.
34. Бо Пан слухае бедных *
і не пагарджае вязнямі сваімі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 10

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 14, 1–12
Ірад паслаў адсячы галаву Яну

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса і сказаў слугам сваім: Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і пагэтаму цуды здзяйсняюцца ім.

Ірад жа схапіў Яна, зняволіў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі ягонага брата Філіпа. Бо Ян казаў яму: Не дазволена табе мець яе. І хацеў забіць яго, але баяўся народа, які лічыў яго прарокам.

Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі і спадабалася Іраду. Таму ён клятваю паабяцаў даць ёй усё, чаго толькі папросіць. І яна, падвучаная сваёю маці, сказала: Дай мне галаву Яна Хрысціцеля на місе. Кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў з ім за сталом, загадаў даць. І паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці.

Тады ягоныя вучні прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.