Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 1–9
Калі вы не паверыце, не ўстаіце

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Падчас панавання юдэйскага караля Ахаза, сына Ёатама, сына Озіі, сірыйскі кароль Рэцін разам з ізраэльскім каралём Пэкахам, сынам Рэмалія, вырушылі супраць Ерузалема, каб заваяваць яго, але не змаглі яго здабыць. І было абвешчана дому Давіда: Сірыя разбіла стан у Эфраіме. І затрымцела сэрца Ахаза і народа ягонага, як дрэвы хістаюцца ў лесе ад ветру.

Тады Пан сказаў Ісаі: Выйдзі Ты і твой сын Шэар-Яшуб насустрач Ахазу, у канец канала верхняй саджалкі, на шлях да Поля валюшнікаў. І скажаш яму: Будзь асцярожны і спакойны. Не бойся і не губляй адвагі з-за тлення гэтых дзвюх недапаленых галавешак; з-за палымянага гневу Рэціна, і яго сірыйцаў, і сына Рэмалія; з-за таго, што Сірыя, Эфраім і сын Рэмалія задумалі зло супраць цябе, кажучы: Пойдзем на Юдэю, і спалохаем яе, і захопім яе, і паставім над ёй каралём сына Табээля.

Так кажа Пан Бог: Не станецца гэтага і не будзе!
Бо сталіца Сірыі — Дамаск,
а галава Дамаска — Рэцін.
Яшчэ шэсцьдзесят пяць гадоў,
і Эфраім перастане быць народам.
Сталіца Эфраіма — Самарыя,
а галава Самарыі — сын Рэмалія.
Калі вы не паверыце, не ўстаіце.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 48 (47), 2–3а. 3b–4. 5–6. 7–8 (Р.: 9d)

Рэфрэн: Пан умацуе горад свой навекі.

2. Вялікі Пан і годны вялікай хвалы *
у горадзе нашага Бога.
3. Яго святая гара — цудоўнае ўзвышша, *
радасць усёй зямлі.

Рэфрэн:

Гара Сіён, мяжа поўначы, — *
горад вялікага Караля.
4. Бог у ягоных палацах *
стаў вядомы як абаронца.

Рэфрэн:

5. Вось сабраліся каралі *
і прыйшлі разам.
6. Як толькі ўбачылі, здзівіліся, *
збянтэжыліся і ўцяклі.

Рэфрэн:

7. Ахапіла іх там дрыжэнне, *
як боль — парадзіху,
8. усходнім ветрам *
Ты разбіў караблі Тарсіса.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не рабіце сёння жорсткімі сэрцы вашыя, *
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 20–24
У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, і зямлі садомскай, чым табе

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус пачаў дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш Ягоных цудаў, за тое, што яны не пакаяліся.

Гора табе, Харазін, гора табе, Бэтсаіда, бо, калі б у Тыры і Сідоне былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў вас, яны б даўно, у мешкавіне і попеле, пакаяліся. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе Тыру і Сідону, чым вам.

А ты, Кафарнаум, ці ўзвысішся да неба? Ты нізрынешся да пекла. Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня. Але кажу вам: У судны дзень лягчэй будзе зямлі садомскай, чым табе.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.