Чацвер — трынаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 7, 10–17
Чытанне кнігі прарока Амоса.

Чытанне кнігі прарока Амоса.

У тыя дні:

Паслаў Амасія, святар з Бэтэль, да Ерабаама, караля ізраэльскага, сказаць: Амос у змове супраць цябе сярод дому Ізраэля. Зямля не можа цярпець усіх слоў ягоных. Бо так кажа Амос: Ад мяча памрэ Ерабаам, а Ізраэль пойдзе ў выгнанне з зямлі сваёй.

І сказаў Амасія Амосу: Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч. А ў Бэтэль больш не прароч, бо ён — святыня караля і дом каралеўскі.

Адказваючы, Амос сказаў Амасію: Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: Ідзі, прароч народу Майму Ізраэлю.

Цяпер выслухай слова Пана. Ты кажаш: не прароч для Ізраэля і не прамаўляй слоў для дому Ісаака. Таму так кажа Пан: жонка твая будзе зняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад мяча, зямля твая будзе падзелена шнурам, а ты памрэш у зямлі нячыстай, а Ізраэль пойдзе ў выгнанне з зямлі сваёй.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11 (Р.: 10b)

Рэфрэн: Прысуды Пана праўдзівыя і ўсе справядлівыя.

8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.

Рэфрэн:

9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.

Рэфрэн:

10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.

Рэфрэн:

11. Больш каштоўныя, чым золата, *
чым мноства чыстага золата,
і саладзейшыя за мёд *
і сок сотавы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 5, 19

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бог у Хрысце яднаў з сабою свет,
даючы нам слова паяднання.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 9, 1–8
Праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус увайшоў у човен і пераправіўся ў свой горад. І вось прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложа. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: Будзь адважным, сыне, адпускаюцца табе грахі. І вось некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць.

А Езус, убачыўшы думкі іхнія, сказаў: Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй сказаць: «адпускаюцца табе грахі», або сказаць: «устань і хадзі»? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі. Тады кажа паралізаванаму: Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому.

Той устаў і пайшоў дадому.

А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць