Серада — трынаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 5, 14–15. 21–24
Адвядзі ад Мяне шум спеваў тваіх, няхай як вада цячэ правасуддзе
Чытанне кнігі прарока Амоса.
Шукайце дабра, а не зла, каб жылі вы, і тады Пан Бог Магуццяў будзе з вамі, як вы кажаце. Ненавідзьце зло і палюбіце дабро, і пастаўце каля брамы правасуддзе. Магчыма, Пан Бог Магуццяў змілуецца над рэштай пакалення Юзафа.
Ненавіджу і адкідаю святы вашыя і не маю ўпадабання ў вашых урачыстых сходах. Калі прынясеце Мне ўсеспаленні і некрывавыя ахвяры, Я не прыму іх і не пагляджу на ахвяру падзякі з тлустых валоў вашых. Адвядзі ад Мяне шум спеваў тваіх, і гукаў гусляў тваіх Я не буду слухаць. Няхай як вада цячэ правасуддзе, і справядлівасць, як вечны паток!
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 50 (49), 7. 8–9. 10–11. 12–13. 16bc–17 (Р.: 23b)
Рэфрэн: Беззаганнаму ў паводзінах Я адкрыю Божае збаўленне.
9. Слухай, народзе мой, *
Я буду прамаўляць,
Ізраэль, засведчу супраць цябе, *
Я Бог, Твой Бог.
Рэфрэн:
8. Не буду дакараць цябе за твае ахвяры; *
твае ўсеспаленні заўжды перада Мною.
9. Не прыму вала з твайго дому, *
ні казлоў з тваіх загонаў.
Рэфрэн:
10. Бо Мне належаць усе звяры лясныя *
і жывёлы з тысячы гор.
11. Ведаю ўсіх нябесных птушак, *
і звяры палявыя пры Мне.
Рэфрэн:
12. Калі б Я быў галодны, не сказаў бы табе, *
бо сусвет Мой і ўсё, што яго напаўняе.
13. Ці ем Я мяса валоў *
або п’ю казліную кроў?
Рэфрэн:
16. Нашто пералічваеш мае наказы *
і ў вуснах носіш мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне, *
і словы Мае кідаеш за сабою?
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Як 1, 18
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды,
каб мы былі пэўным пачаткам яго стварэнняў.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 8, 28–34
Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць дэманаў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус прыплыў на другі бераг у краіну гадарынскую, сустрэлі Яго двое апантаных, якія выйшлі з магілаў, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай. І вось яны закрычалі: Што Табе да нас, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды заўчасна мучыць нас.
Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней. І дэманы прасілі Яго, кажучы: Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней. І сказаў ім: Ідзіце. Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. І вось кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апантаных. І вось горад увесь выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні