Аўторак — трынаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 3, 1–8; 4, 11–12
Пан Бог сказаў — хто не будзе прарочыць?

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Слухайце слова, якое Пан прамовіў супраць вас, сыны Ізраэля, супраць усяго племені, якое вывеў Я з зямлі егіпецкай, кажучы: Толькі вас прызнаў Я сярод усіх плямёнаў зямлі, таму наведаю вас з судом за ўсе беззаконні вашыя.

Ці ж пойдуць двое разам, калі не дамовяцца паміж сабою? Ці ж рыкае леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? Ці ж падае свой голас ільвяня з логава свайго, калі нічога не злавіла? Ці ж трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма для яе? Ці ж падымецца з зямлі пятля, калі нічога не трапіла ў яе? Калі трубіць у горадзе рог, — ці не спалохаўся б народ? Ці ж бывае ў горадзе бедства, якое не Пан учыніў бы? Бо Пан Бог нічога не робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы слугам сваім прарокам. Леў пачаў рыкаць – хто не спалохаецца? Пан Бог сказаў — хто не будзе прарочыць?

Я нішчыў вас, як знішчыў Бог Садом і Гамору, і былі вы, нібы галавешка, выхапленая з пажарышча, і ўсё адно вы не вярнуліся да Мяне, — кажа Пан. Таму так зраблю Я з табою, Ізраэль. А паколькі так зраблю з табою, падрыхтуйся да сустрэчы з Богам тваім, Ізраэль.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 5, 5-6. 7. 8 (Р.: 9а)

Рэфрэн: Пане, вядзі мяне ў сваёй справядлівасці.

5. Паколькі Ты Бог, які не жадае беззаконня, *
грэшнік не будзе жыць каля Цябе.
6. Несправядлівыя не вытрываюць *
перад Тваімі вачыма.

Рэфрэн:

7. Ты ненавідзіш усіх, хто чыніць беззаконне. *
Загубіш тых, хто кажа хлусню;
чалавек крыважэрны і падступны *
брыдкі для Пана.

Рэфрэн:

8. А я ў вялікай міласэрнасці Тваёй *
увайду ў дом Твой,
пакланюся святыні Тваёй святой *
у боязі перад Табой.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 130 (129), 5

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Спадзяюся на Пана,
давяраю Яго слову.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 8, 23-27
Устаўшы, забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус увайшоў у човен, увайшлі за Ім Ягоныя вучні.

І вось пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.

І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Пане, ратуй, мы гінем. А Ён кажа ім: Чаго вы спалохаліся, малой веры? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша. А людзі дзівіліся і казалі: Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць