Пятніца — дванаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 25, 1-12
Юда пераселены быў са сваёй зямлі (25,21)
Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.
На дзявятым годзе валадарання Сэдэкіі, на дзясятым месяцы, у дзень дзясяты месяца прыйшоў Навухаданосар, кароль бабілёнскі, з усім войскам сваім да Ерузалема, акружыў яго і насыпаў вакол яго вал. І быў горад у аблозе да адзінаццатага года панавання караля Сэдэкіі. На дзевяты дзень месяца ўзмацніўся голад у горадзе, і не меў хлеба народ зямлі. І ўзяты быў горад, а ўсе вайсковыя пабеглі ўначы па дарозе да брамы, паміж падвойнымі сценамі, што каля каралеўскага саду. Халдэі ж стаялі вакол горада. Кароль жа пайшоў дарогаю да раўніны, а халдэйскае войска пагналася за каралём. І дагналі яго на ерыхонскай раўніне, а ўсё войска ягонае рассеялася і пакінула яго. І схапілі караля, і завялі яго ў Рыўлу да караля бабілёнскага, які ўчыніў над ім суд. Сыноў Сэдэкіі забілі на вачах ягоных, а самому Сэдэкію асляпілі вочы, закавалі яго ў кайданы і павялі ў Бабілён.
На пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, гэта значыцца, на дзевятнаццатым годзе панавання Навухаданосара, караля бабілёнскага, прыйшоў Навузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, слуга караля бабілёнскага, у Ерузалем і спаліў дом Пана і дом караля, і ўсе дамы ў Ерузалеме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём. А сцены вакол Ерузалема разбурыла войска халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўнікаў. Астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перайшлі да караля бабілёнскага, і астатні просты люд выселіў Навузардан, кіраўнік целаахоўнікаў. Толькі некаторых з беднага люду зямлі пакінуў начальнік целаахоўнікаў вінаградарамі і земляробамі.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 137 (136), 1-2. 3. 4-5. 6 (Р.: 6)
Рэфрэн: Узніму Ерузалем на вяршыню маёй радасці.
1. Над рэкамі Бабілёна сядзелі мы і плакалі, *
калі ўспаміналі пра Сіён.
2. На вербах пасярод яго *
павесілі мы нашыя арфы.
Рэфрэн:
3. Бо тыя, хто ўзяў нас у палон, *
патрабавалі ад нас песняў,
а прыгнятальнікі нашыя — вяселля: *
Заспявайце нам адну з песень Сіёну.
Рэфрэн:
4. Як жа нам спяваць песні Пана *
на чужой зямлі?
5. Калі забуду цябе, Ерузалем, *
няхай засохне мая правіца.
Рэфрэн:
6. Няхай прыліпне язык мой да паднябення майго, *
калі не буду памятаць пра цябе,
калі не ўзніму Ерузалем *
на вяршыню маёй радасці.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 8, 17
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Езус узяў на сябе нашую слабасць
і панёс хваробы.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 8, 1-4
Калі хочаш, можаш мяне ачысціць
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі Езус сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей. І вось падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, выцягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ачысціўся той ад праказы. І кажа яму Езус: Глядзі, не кажы нікому, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які загадаў Майсей дзеля сведчання перад імі.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні