Серада — дванаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 22, 8–13; 23, 1–3
Прачытаў кароль народу словы кнігі Запавету, знойдзенай у доме Пана, і заключыў запавет перад абліччам Пана

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Сказаў першасвятар Хелкія пісару Шафану: Я знайшоў кнігу Закона ў доме Пана! Падаў Хелкія кнігу Шафану і ён чытаў яе. І прыйшоў пісар Шафан да караля, і паведаміў каралю пра тое, што сталася, кажучы: Слугі твае ўзялі срэбра, якое знаходзілася ў святыні, і перадалі яго ў рукі майстроў, якія ўзначальвалі працу ў доме Пана.

І паведаміў пісар Шафан каралю, кажучы: Кнігу даў мне святар Хелкія. І чытаў яе Шафан перад каралём.

Калі пачуў кароль словы кнігі Закону, разарваў шаты свае і загадаў кароль святару Хелкію і Ахікаму, сыну Шафана, і Ахбору, сыну Міхея, і пісару Шафану, і Асаі, каралеўскаму слузе, кажучы: Ідзіце, распытайце ў Пана пра мяне і пра народ, і пра ўсю Юдэю, пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Пана запаліўся супраць нас, бо не слухалі айцы нашыя слоў гэтай кнігі, каб выконваць усё напісанае для нас.

Загадаў кароль, каб сабраліся ў яго ўсе старэйшыны Юды і Ерузалема. І пайшоў кароль у дом Пана і ўсе мужы Юдэі, і ўсе жыхары Ерузалема, і святары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ім усе словы кнігі Запавету, знойдзенай у доме Пана. Потым стаў кароль на ўзвышэнні і заключыў запавет перад абліччам Пана, каб ісці за Панам і захоўваць запаведзі Яго і аб’яўленні Ягоныя, і пастановы Яго ўсім сэрцам і ўсёю душою, каб выканаць словы гэтага запавету, напісаныя ў гэтай кнізе. І ўвесь народ далучыўся да запавету.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 119 (118), 33–34. 35–36. 37. 40 (Р.: 33а)

Рэфрэн: Пакажы мне, Пане, шлях Тваіх пастановаў.

33. Пакажы мне, Пане, шлях Тваіх пастановаў, *
і я да канца буду трымацца яго.
34. Навучы мяне, і буду захоўваць закон Твой *
і берагчы яго ўсім сэрцам.

Рэфрэн:

35. Вядзі мяне сцежкаю Тваіх запаведзяў, *
бо я ўпадабаў яе.
36. Схілі маё сэрца да Тваіх сведчанняў, *
а не да нажывы.

Рэфрэн:

37. Адвярні мае вочы, каб не глядзелі на марнасць, *
дай мне жыць на Тваім шляху.
40. Вось я прагну Тваіх наказаў, *
дай мне жыццё паводле Тваёй справядлівасці.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 15, 4a. 5b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас, — кажа Пан.
Хто застаецца ўва Мне, той прыносіць багаты плён.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 7, 15–20
Па пладах іхніх пазнаеце іх

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Асцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цёрну вінаград або з асоту смоквы? Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, ні дрэва дрэннае радзіць добрыя плады.

Гэта слова Пана.

Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Таму па пладах іхніх пазнаеце іх.

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць