Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — дванаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 17, 5–8. 13–15а. 18
І адкінуў Пан Ізраэль ад аблічча свайго... Не засталося нікога, акрамя пакалення Юды

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Сальманазар, кароль асірыйскі, прайшоў па ўсёй зямлі і прыбыў да Самарыі, і трымаў яе ў аблозе тры гады. У дзявяты год панавання Осіі здабыў кароль асірыйскі Самарыю і выгнаў ізраэльцян у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах мідыйскіх.

Сталася так, калі пачалі грашыць сыны Ізраэля перад Панам сваім Богам, які вывеў іх з зямлі егіпецкай, з-пад рукі фараона, караля егіпецкага. І пачалі яны ўшаноўваць чужых багоў, і паступалі паводле звычаяў тых народаў, якіх Пан прагнаў ад аблічча сыноў Ізраэля, і як каралі Ізраэля, паступалі яны.

Аднак Пан перасцерагаў Ізраэль і Юду праз усіх прарокаў сваіх, праз кожнага празорцу, кажучы: Адвярніцеся ад нягодных шляхоў вашых і захоўвайце запаведзі Мае, пастановы Мае паводле ўсяго Закону, які даручыў Я айцам вашым і які даў вам праз слугаў Маіх, прарокаў. Але яны не слухаліся і зрабілі цвёрдым свой карак, як карак айцоў іхніх, якія не верылі ў Пана свайго Бога. І пагарджалі пастановамі Яго і запаветам, які заключыў Ён з айцамі іхнімі, і сведчаннямі Ягонымі, якімі Ён перасцерагаў іх.

І разгневаўся моцна Пан на Ізраэль, і адкінуў іх ад аблічча свайго. Не засталося нікога, акрамя пакалення Юды.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 60 (59), 3. 4–5. 12–13 (Р.: 7b)

Рэфрэн: Збаў сваёй правіцай і пачуй нас, Пане.

3. Ты нас адкінуў і зламаў нас, Божа, *
разгневаўся Ты, але вярніся да нас.

Рэфрэн:

4. Ты ўскалыхнуў зямлю, разбіў яе, *
вылечы разломы яе, бо яна хістаецца.
5. Ты даў народу свайму ўбачыць цяжкае, *
напаіў віном галавакружэння.

Рэфрэн:

12. Ці не Ты, Божа, нас адкінуў *
і не выходзіш, Божа, з нашымі войскамі?
13. Спашлі нам дапамогу ва ўціску, *
бо падтрымка чалавечая марная.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Гбр 4, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Жывое слова Божае і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 7, 1–5
Спачатку выкінь бервяно з вока свайго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якою мераю мерыце, такою і вам адмераць.

Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго, — калі ў тваім воку бервяно? Крывадушны, спачатку выкіні бервяно з вока свайго і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго.

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.