Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

XII Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 38, 1. 8–11
Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі

Чытанне кнігі Ёва.

Адказваючы, Пан сказаў Ёву з віхуры:

Хто замкнуў дзвярамі мора, калі яно ўсхвалявалася, нібы выходзячы з нутра, калі Я хмары зрабіў адзеннем яго і цемру — покрывам ягоным? Я замкнуў яго ў межах Маіх і паставіў замкі і дзверы. І сказаў: Дагэтуль дойдзеш, не далей. Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 107 (106), 23–24. 25–26. 28–29. 30–31 (Р.: 1b)

Рэфрэн: Слаўце Пана, бо навекі Яго міласэрнасць.

23. Хто выпраўляецца на караблях у мора, *
каб весці справы на вялікіх водах,
24. тыя бачылі справы Пана *
і цуды Яго ў глыбінях.

Рэфрэн:

25. Ён прамовіў — і ўзняўся імклівы вецер, *
што ўздымае хвалі.
26. Узносяцца яны пад неба, падаюць ў бездань, *
іх душа млее ў няшчасцях.

Рэфрэн:

28. Але паклікалі Пана ў нядолі сваёй, *
і Ён вызваліў іх ад бедства.
29. Ён ператварыў буру ў цішу *
і супакоіў хвалі.

Рэфрэн:

30. І весяляцца, бо яны сціхлі, *
а Ён прывёў іх да жаданага порту.
31. Няхай дзякуюць Пану за Яго міласэрнасць, *
за цуды Яго для сыноў чалавечых.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 5, 14–17
Вось сталася новае

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. А Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.

Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і ведалі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не ведаем. Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 7, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 35–41
Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: Пераправімся на той бок. Адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, калі быў у чаўне. І былі з Ім іншыя чаўны.

І ўзнялася вялікая бура. Хвалі залівалі човен, так што човен ужо напаўняўся. А Ён спаў на карме каля ўзгалоўя. Будзяць і кажуць Яму: Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем? І, устаўшы, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Замоўкні і супакойся. І вецер сціх, і настала вялікая ціша.

І сказаў ім: Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры? Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"