Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 11, 1–4. 9–18. 20
Намасцілі Яаса і крычалі: Няхай жыве кароль!

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Аталія, маці караля Ахозія, калі ўбачыла, што сын яе памёр, паўстала і знішчыла ўсё каралеўскае патомства. Але Ясаба, дачка караля Ярама, сястра Ахозія, узяла Яаса, сына Ахозія, і выкрала яго сярод сыноў каралеўскіх, якіх забівалі, і карміліцу ягоную. Каб не забілі, схавала яго ад Аталіі ў спальны пакой. І хавалі яго з карміліцаю ў доме Пана шэсць гадоў. Тым часам Аталія валадарыла ў краіне.

У сёмы год Ёада паслаў узяць сотнікаў карыйскіх і бегуноў, прывёў іх да сябе ў дом Пана. Заключыў з імі дамову і прыняў ад іх клятву ў доме Пана, і паказаў ім каралеўскага сына.

І зрабілі сотнікі ўсё, што загадаў святар Ёада, і ўзялі кожны сваіх людзей, якія прыходзяць у суботу, з тымі, якія адыходзяць у суботу, і прыйшлі да святара Ёада. Ён раздаў сотнікам дзіды і шчыты караля Давіда, якія былі ў доме Пана. І сталі бегуны вакол караля, кожны са зброяй ў руцэ сваёй, ад правага боку святыні да левага боку святыні насупраць ахвярніка і святыні. І вывеў ён каралеўскага сына, і ўсклаў на яго дыядэму і даў сведчанне. І каранавалі яго, і намасцілі, і, пляскаючы ў далоні, усклікалі: Няхай жыве кароль!

Калі Аталія пачула голас народа, пайшла да народа ў дом Пана і ўбачыла, што кароль стаіць паводле звычаю на ўзвышэнні, і старэйшыя, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубіць у трубы. І разарвала Аталія сваё адзенне, і закрычала: Змова, змова!

Святар Ёада загадаў сотнікам, якія былі на чале войска, кажучы: Выведзіце яе за агароджу святыні, а хто пойдзе за ёю, забівайце мячом. Бо святар казаў: Няхай не будзе забітая ў святыні Пана. І схапілі яе, і праз уваход для коней прайшла яна да каралеўскага дома, і там была забіта.

А Ёада заключыў запавет паміж Панам і каралём, і народам, каб ён быў народам Пана, і паміж каралём і народам. І пайшоў увесь народ зямлі ў дом Бааля, і разбурылі яго і ахвярнікі яго, і выявы ягоныя моцна знішчылі; і Матана, святара Бааля, забілі перад ахвярнікамі.

І ўстанавіў святар нагляд над домам Пана. І ўвесь народ зямлі весяліўся, і горад супакоіўся. Аталію ж забілі мячом у доме караля.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 132 (131), 11. 12. 13–14. 17–18 (Р.: 13)

Рэфрэн: Пан выбраў Сіён як жыллё сабе.

11. Прысягаў Пан Давіду ў вернасці, *
і не адступіць ад яе:
Народжанае ад цябе патомства *
пасаджу на троне тваім.

Рэфрэн:

12. Калі сыны твае будуць захоўваць Мой запавет *
і Мае сведчанні, якім навучу іх,
то іхнія сыны вечна будуць сядзець *
на троне тваім.

Рэфрэн:

13. Пан выбраў Сіён, *
упадабаў яго сабе як жыллё.
14. Гэта месца Майго адпачынку навекі, *
тут пасялюся, бо ўпадабаў яго.

Рэфрэн:

17. Там вырашчу моц Давіда, *
падрыхтую светач памазанніку Майму.
18. Ворагаў ягоных апрану ў сорам; *
а на ім заззяе дыядэма яго.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 3

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя ўбогія духам,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 6, 19–23
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.

Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё будзе дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць