Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 48, 1-15
Калі Іллю схавала віхура, Елісей напоўніўся ягоным духам

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

У тыя дні:

З’явіўся Ілля, прарок, як агонь,
і слова ягонае палала, як паходня.
Ён наклікаў на іх голад,
і стараннасцю сваёю зменшыў іх колькасць.
Словам Пана ён замкнуў неба,
і тройчы спасылаў з яго агонь.
Як праславіўся ты, Ілля, сваімі цудамі,
і хто можа пахваліцца, што ён роўны табе?
Ты ўваскрасіў мёртвага са смерці
і вывеў з адхлані словам Найвышэйшага.
Прывёў каралёў да згубы,
а знатных скінуў з іх ложа.
На Сінаі ты пачуў абвінавачанне,
а на Горэбе — выкананне правасуддзя.
Ты намасціў каралёў для помсты
і прарока — сваім паслядоўнікам.
Ты, які быў забраны ў агністай віхуры,
у калясніцы вогненых коней.
Пра цябе напісана, што ты захаваны
для адпаведных часоў,
каб суняць гнеў, перш чым ён стане шаленствам,
каб звярнуць сэрца бацькі да сына
і аднавіць пакаленні Якуба.
Шчаслівыя тыя, хто бачыў цябе,
і хто ў любові заснуў,
бо і мы напэўна жыць будзем.
Калі Іллю схавала віхура,
Елісей напоўніўся ягоным духам.
У дні свае ён не баяўся ніякага ўладара,
і моцай ніхто яго не перамог.
Не было для яго нічога цяжкага,
і мёртвае цела ягонае прарочыла.
У жыцці сваім чыніў ён цуды,
і пасля смерці былі дзіўныя справы ягоныя.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 97 (96), 1–2. 3–4. 5–6. 7 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Радуйцеся справядлівыя ў Пану.

1. Пан валадарыць, няхай радуецца зямля, *
няхай весяляцца шматлікія выспы.
2. Воблака і цемра вакол Яго, *
справядлівасць і права — аснова Ягонага трону.

Рэфрэн:

3. Агонь ідзе перад Ім *
і паглынае навокал ворагаў Ягоных.
4. Маланкі Ягоныя асвятляюць сусвет; *
зямля бачыць і дрыжыць.

Рэфрэн:

5. Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, *
перад абліччам Пана ўсёй зямлі.
6. Нябёсы абвяшчаюць Яго справядлівасць, *
і ўсе народы бачаць Ягоную славу.

Рэфрэн:

7. Няхай сорам спазнаюць усе, хто служыць ідалам, *
хто хваліцца божкамі.
Пакланіцеся Яму, *
усе богі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Рым 8, 15bc

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вы прынялі Духа ўсынаўлення,
у якім мы клічам: Абба, Ойча!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 6, 7–15
Таму так маліцеся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Калі вы будзеце дараваць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны даруе і вам. А калі не будзеце дараваць людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.