Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 21, 17–29
Ты прывёў Ізраэль да граху

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

Пасля таго, як памёр Набот, скіраваў Пан слова да Іллі Тэсбіта: Устань, ідзі насустрач Ахабу, каралю ізраэльскаму, які ў Самарыі. Вось ён цяпер у вінаградніку Набота, куды прыйшоў, каб узяць яго ва ўладанне. І скажаш яму: Так кажа Пан: ты забіў, і яшчэ забіраеш спадчыну? Пасля скажаш: Так кажа Пан: на тым месцы, дзе сабакі лізалі кроў Набота, сабакі будуць лізаць і тваю кроў.

І сказаў Ахаб Іллю: Знайшоў ты мяне, вораг мой? Ён сказаў: Знайшоў, бо ты прадаўся, каб чыніць зло перад вачыма Пана. Таму кажа Пан: Вось Я спашлю на цябе няшчасце і выпалю за табою, і вынішчу ў доме Ахаба кожнага хлопца, і зняволенага, і вольнага ў Ізраэлі. І ўчыню з домам тваім, як з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Бааза, сына Агія, за знявагу, якой ты разгнявіў Мяне і прывёў Ізраэль да граху. Таксама і пра Ізабэль сказаў Пан, кажучы: Сабакі з’ядуць Ізабэль на полі Ізрээля. Хто памрэ ў Ахаба ў горадзе, таго з’ядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго раздзяўбуць птушкі нябесныя.

Не было яшчэ такога, як Ахаб, які б прадаўся, каб чыніць зло перад вачыма Пана, да чаго падбухторвала яго Ізабэль, жонка ягоная. Ён паступаў вельмі агідна, ідучы за ідаламі, як рабілі амарыты, якіх Пан прагнаў ад сыноў Ізраэля.

Калі Ахаб пачуў усе гэтыя словы, разарваў шаты свае і надзеў на сваё цела мяшок, і пасціў, і спаў у мяшку, і хадзіў у смутку. І скіраваў Пан слова да Іллі Тэсбіта, кажучы: Ці бачыш, як скарыўся перада Мною Ахаб? За тое, што ён скарыўся перада Мною, я не спашлю зла ў дні ягоныя, але ў дні сына ягонага спашлю зло на дом ягоны.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 51(50), 3–4. 5–6а. 11 і 16 (Р.: пар. 3а)

Рэфрэн: Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі.

3. Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй *
і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае.
4. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх *
і ачысці мяне ад граху майго.

Рэфрэн:

5. Бо я ведаю беззаконні мае, *
і грэх мой заўжды перада мною.
6. Табе аднаму я зграшыў *
і зло ўчыніў перад Табою.

Рэфрэн:

11. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх *
і знішчы ўсе мае правіны.
16. Вызвалі мяне ад крыві, Божа, Божа майго збаўлення, *
язык мой няхай славіць справядлівасць Тваю.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 13, 34

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, —
каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 43–48
Любіце ворагаў вашых

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.

Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.