Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 11, 1. 3–4. 8c–9
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Гэта кажа Пан:

Калі Ізраэль быў дзіцём, Я палюбіў яго,
і паклікаў з Егіпту сына майго.
Я сам вучыў Эфраіма хадзіць,
насіў іх на сваіх руках, а яны не разумелі, што Я апекаваўся імі.
Я прыцягваў іх повязямі чалавечнасці, повязямі любові,
і быў для іх як той, хто памае дзіця да сківіцаў сваіх,
Я схіліўся над ім і карміў яго.
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё
і распаліўся разам жаль Мой.
Полымя гневу Майго не распалю
і не буду знішчаць больш Эфраіма,
бо Я — Бог, а не чалавек,
Святы сярод цябе,
таму не прыйду ў гневе.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Іс 12, 2–3. 4bcd. 5–6 (Р.: 3)

Рэфрэн:  Будзеце чэрпаць з крыніцаў збаўлення.

2. Вось Бог — маё збаўленне, на Яго спадзяюся і баяцца не буду.*
Бо Пан — мая моц і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем.
3. Вы з радасцю будзеце чэрпаць ваду *
з крыніцаў збаўлення.

Рэфрэн:

4. Праслаўляйце Пана, *
заклікайце імя Ягонае
і абвяшчайце сярод народаў справы Яго; *
нагадвайце, што ўзнёслае імя Ягонае.

Рэфрэн:

5. Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, *
абвясціце гэта па ўсёй зямлі.
6. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, *
бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 8–12. 14–19
Спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Добрую Навіну пра невычэрпнае багацце Хрыста і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго. Каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасць Божая, паводле спрадвечнага плану, які Бог здзейсніў у Езусе Хрысце, Пану нашым. У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца з надзеяй праз веру ў Яго.

Таму я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 29аb

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, — кажа Пан, —
бо Я ціхі і пакорны сэрцам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 19, 31–37
Прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Юдэі ж, паколькі была пятніца, каб не заставаліся целы на крыжы ў суботу, бо гэта быў вялікі суботні дзень, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. І прыйшлі жаўнеры, і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І Ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: Косць Ягоная не будзе зламаная. І ў іншым месцы Пісанне кажа: Будуць глядзець на таго, каго прабілі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні, Урачыстасць

Друкаваць

  • Творчая выстава архітэктара Аляксандра Базевіча адкрыецца ў мінскім Чырвоным касцёле

    22 верасня ў Белай зале мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены (вул. Савецкая, 15) адбудзецца адкрыццё творчай выставы архітэктара Аляксандра Базевіча «Адраджэнне касцёлаў на Беларусі». Пачатак у 12.30.

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.