Субота — восьмы звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Юд 17. 20b–25
Богу, які можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі
Чытанне Паслання святога апостала Юды.
Умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста. Будуйце сябе на падставе найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.
Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя; другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; да іншых будзьце міласэрнымі са страхам, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.
А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі, Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана – слава, веліч, панаванне і ўлада перад ўсімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6 (Р.: 2b)
Рэфрэн: Божа, Цябе прагне душа мая.
2. Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю, *
Цябе прагне душа мая,
маё цела па Табе тужыць *
у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай.
Рэфрэн:
3. Так, у святыні я ўглядаюся ў Цябе, *
каб убачыць Тваю сілу і славу.
4. Бо міласэрнасць Твая лепшая за жыццё, *
вусны мае будуць хваліць Цябе.
Рэфрэн:
5. Так, буду благаслаўляць Цябе ў маім жыцці *
і ўзнясу рукі ў імя Тваё.
6. Душа мая насычаецца, нібы тлушчам і тукам, *
і вусны мае славяць Цябе радасным спевам.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Клс 3, 16а.17с
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце,
дзякуйце Богу і Айцу праз Хрыста.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 11, 27–33
Якою ўладаю Ты гэта робіш?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус з вучнямі зноў прыйшоў у Ерузалем. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны і пыталіся ў Яго: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу, каб рабіць гэта?
Езус адказаў ім: Запытаюся ў вас пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. Хрост Яна быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне.
Яны разважалі паміж сабою: Калі скажам «з неба», то Ён скажа: Чаму ж вы не паверылі яму? А калі скажам «ад людзей»? Яны баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам, таму сказалі ў адказ Езусу: Не ведаем.
Тады Езус сказаў ім: I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні