Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 24, 3–8
Гэта кроў запавету, які Пан заключыў з вамі

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Прыйшоў Майсей з гары і пераказаў народу ўсе словы Пана і ўсе Яго пастановы. І ўвесь народ адказаў аднагалосна: Усе словы, якія сказаў Пан, выканаем.

І напісаў Майсей усе словы Пана. А ўстаўшы рана, пабудаваў ахвярнік пад гарою і дванаццаць слупоў паводле дванаццаці плямёнаў Ізраэля. І паслаў юнакоў, сыноў Ізраэля, каб яны прынеслі Пану ахвяру ўсеспалення і мірную ахвяру з маладых быкоў.

І ўзяў Майсей палову крыві, і наліў яе ў місы, а другую палову крыві выліў на ахвярнік. Потым узяў кнігу Запавету і прачытаў уголас людзям, і сказалі яны: Усё, што сказаў Пан, зробім, і будзем паслухмянымі.

Майсей узяў кроў, акрапіў народ і сказаў: Гэта кроў запавету, які Пан заключыў з вамі паводле ўсіх гэтых слоў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 116B (115), 12–13. 15 і 16bc. 17–18 (Р.: 13)

Рэфрэн: Келіх збаўлення ўзніму і буду заклікаць імя Пана

Або: Аллелюя

12. Чым аддзячу я Пану *
за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?
13. Келіх збаўлення ўзніму *
і буду заклікаць імя Пана.

Рэфрэн:

15. Каштоўная ў вачах Пана *
смерць Яго святых.
16. Я слуга Твой, сын слугі Тваёй, *
Ты разарваў мае кайданы.

Рэфрэн:

17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *
і буду заклікаць імя Пана.
18. Выканаю свае абяцанні для Пана *
перад усім Яго народам.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Гбр 9, 11–15
Кроў Хрыста ачысціць нашае сумленне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Хрыстус, прыйшоўшы як Першасвятар будучых дабротаў, праз большую і дасканалейшую нерукатворную скінію, гэта значыць не з гэтага свету, і не праз кроў казлоў і быкоў, а праз сваю Кроў раз і назаўсёды ўвайшоў ў Святое Святых, здабыўшы вечнае адкупленне.

Бо, калі кроў казлоў і быкоў, і попел ялаўкі праз пасыпанне асвячае апаганеных, каб чыстым стала цела, то наколькі ж больш Кроў Хрыста, які праз вечнага Духа сябе самога ахвяраваў як беззаганнага Богу, ачысціць нашае сумленне ад мёртвых учынкаў дзеля служэння жывому Богу.

І таму Ён стаў Пасрэднікам Новага Запавету, каб праз смерць, якая была дзеля адкуплення ад злачынстваў, учыненых у першым запавеце, атрымалі абяцанае тыя, хто пакліканы да вечнай спадчыны.

Гэта слова Божае.

Секвенцыя

1. Гэта Хлеб анёлаў Божых,
стаў пасілкам падарожных,
што імкнуцца да нябёс.
Хлеб сапраўдны слугаў Божых
псам кідаць яго не гожа,
бо яго даў сам Хрыстос.

2. У Пісаннях прадказаны,
быў спрадвеку ўшанаваны
Хлеб спасланы ад Айца.
Богу Абрагам прыносіць
сына у ахвяру, просіць
моцы ў веры да канца.

3. І ягнё, што выбіралі,
як пасхальны дар складалі —
сімвал вобраза таго.
Манна, з неба што спаслана,
сведчыць аб любові Пана,
міласэрнасці Яго.

4. Добры Пастыр, Хлеб праўдзівы,
Езу, будзь нам літасцівы,
Нас кармі і апякай.
І з Айцоўскай дабрынёю
ў славе, на нябесным Троне
нас, дзяцей сваіх, прымай.

5. Ты ўсё ведаеш і можаш,
ўсемагутны, вечны Божа,
жывіш верных на зямлі.
Дай, каб мы ў хвале нябеснай
са святымі годнай песняй
праслаўляць той Хлеб змаглі.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 6, 51

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я хлеб жывы, які сышоў з неба, — кажа Пан.
Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 14, 12–16. 22–26
Гэта Цела Маё. Гэта Мая Кроў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, кажуць Езусу вучні Ягоныя: Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху. І пасылае дваіх з вучняў сваіх і кажа ім: Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі? І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны; там прыгатуеце нам. І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху.

І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даваў ім, кажучы: Бярыце, гэта Цела Маё. І, узяўшы келіх, падзякаваў і даў ім; і пілі з яго ўсе. І сказаў ім: Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым. І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на гару Аліўную.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"