Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — восьмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 1, 18–25
Адкуплены вы каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага Ягняці

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Ведайце, што не тленным срэбрам ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі, але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Ягняці. Ён быў прадвызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас, што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

Ачысціўшы паслухмянасцю праўдзе душы вашыя для некрывадушнай братняй любові, ад чыстага сэрца шчыра любіце адзін аднаго, бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз слова Божае, якое жыве і трывае. Таму што ўсякае цела быццам трава, а ўся краса яго быццам кветка травы: трава завяла — і апала кветка. А слова Пана трывае навекі. І гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 147В, 12–13. 14–15. 19–20 (Р.: 12а)

Рэфрэн: Хвалі, Ерузалем, Пана, твайго Бога.

Або: Аллелюя.

12. Хвалі, Ерузалем, Пана, *
праслаўляй, Сіён, твайго Бога.
13. Бо Ён умацоўвае засовы брамаў тваіх, *
благаслаўляе сярод цябе сыноў тваіх.

Рэфрэн:

14. Ён усталёўвае мір на тваіх межах *
і насычае цябе адборнаю пшаніцай.
15. Ён пасылае слова сваё на зямлю, *
вельмі хутка ляціць Яго слова.

Рэфрэн:

19. Ён абвясціў слова сваё Якубу, *
пастановы свае і прысуды Ізраэлю.
20. Ніякаму народу больш так не ўчыніў, *
яны не ведаюць прысудаў Ягоных.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 10, 45

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць
і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 10, 32–45
Вось мы падымаемся ў Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі вучні былі ў дарозе і падымаліся ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны ж дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што павінна з Ім здарыцца:

Вось мы падымаемся ў Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам. І будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць Яго, а на трэці дзень Ён уваскрэсне.

Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі: Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім. Ён адказаў ім: Што хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны сказалі Яму: Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй. Але Езус сказаў ім: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны? Яны адказалі: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч і леваруч Мяне — не ад Мяне залежыць, а каму прыгатавана.

І, пачуўшы, дзесяць іншых вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна.

А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.

Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"