Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — восьмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 1, 3–9
Хоць вы не бачылі Хрыста любіце Яго і, весяліцеся радасцю невыказнаю

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых, да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас, умацаваных у сіле Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час. Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста. Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 111 (110), 1–2. 5–6. 9 і 10с (Р.: 5b)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

Або: Аллелюя.

1. Буду славіць Пана ўсім сваім сэрцам *
у коле праведных і на сходзе.
2. Вялікія справы Пана, *
жаданыя для ўсіх, хто іх любіць.

Рэфрэн:

5. Спажытак дае тым, хто Яго баіцца, *
навекі памятае пра свой запавет.
6. Моц сваіх справаў абвясціў свайму народу, *
каб даць яму спадчыну язычнікаў.

Рэфрэн:

9. Ён адкупленне спаслаў свайму народу, *
навекі ўстанавіў свой запавет.
Ягонае імя святое і грознае. *
10. Хвала Яго будзе трываць вечна.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 8, 9

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас,
каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 10, 17–27
Прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?

Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.

А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці сваёй.

Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе нестае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.

А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.

А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца?

Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"