Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 32–34. 39–40
Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей сказаў народу:

Спытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табою, ад таго дня, калі Бог стварыў чалавека на зямлі; ад аднаго краю нябёсаў аж да другога, ці было некалі штосьці такое вялікае, як гэта, і ці было вядома штосьці падобнае? Ці чуў народ голас Божы, які гаварыў з агня, як ты чуў, і застаўся жывы? Або ці спрабаваў некалі Бог прыйсці і выбраць сабе народ паміж іншага народу праз выпрабаванні, знакі і цуды, і вайну, моцнаю рукою і ўзнятым плячом, і праз чыны страшныя — праз усё тое, што зрабіў для вас Пан, Бог ваш, перад вашымі вачыма ў Егіпце?

Таму ведай цяпер і захоўвай у сэрцы сваім, што Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага. Захоўвай Яго пастановы і Яго запаведзі, што я наказваю табе сёння, каб добра было табе і тваім сынам пасля цябе, каб доўгі быў твой век на зямлі, якую на ўсе дні дае табе Пан, твой Бог.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 33 (32), 4–5. 6 і 9. 18–19. 20 і 22 (Р.: 12b)

Рэфрэн:  Шчаслівы народ, які Пан выбраў сабе ў спадчыну.

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

6. Словам Пана створаны — нябёсы, *
дыханнем Яго вуснаў — уся іхняя моц.
9. Бо Ён прамовіў — і сталася, *
Ён загадаў — і з’явілася.

Рэфрэн:

18. Вось вока Пана над тымі, хто Яго баіцца *
над тымі, хто спадзяецца на Яго міласэрнасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.

Рэфрэн:

20. Душа наша чакае Пана: *
Ён — наша дапамога і абарона.
22. Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 14–17
Прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Бо вы не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча! Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ап 1, 8

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
Богу, які ёсць, які быў і які прыходзіць.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 28, 16–20
Хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім:

Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.