Панядзелак — сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 3, 13–18
Калі ў сэрцы вашым сварлівасць, то не хваліцеся
Чытанне Паслання святога апостала Якуба.
Умілаваныя:
Хто з вас мудры і разумны? Няхай добрымі паводзінамі пакажа свае ўчынкі ў мудрай лагоднасці. Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, то не хваліцеся і не хлусіце насуперак праўдзе.
Бо гэта не мудрасць, якая прыходзіць звыш, але зямная, цялесная, д’ябальская. Бо дзе зайздрасць і сварлівасць, там бязладдзе і ўсякая ліхая справа. А мудрасць, якая прыходзіць звыш, найперш — чыстая, потым — міралюбная, лагодная, пакорлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная. А плод справядлівасці сеюць ў спакоі тыя, хто чыніць спакой.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 8. 9. 10. 15 (Р.: 9а)
Рэфрэн:Загады Пана справядлівыя і радуюць сэрца.
8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.
Рэфрэн:
9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.
Рэфрэн:
10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.
Рэфрэн:
15. Няхай словы маіх вуснаў *
і думкі майго сэрца
будуць даспадобы Табе, Пане, *
мая скала і мой Адкупіцель.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 2 Цім 1, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Наш Збаўца Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 9, 14–29
Веру, дапамажы майму нявер’ю
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Калі Езус разам з іншымі сышоў з гары і падышоў да сваіх вучняў, Ён убачыў каля іх вялікае мноства людзей і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі. І адразу, як убачылі Яго, усе людзі вельмі здзівіліся і пабеглі прывітаць Яго.
Ён спытаўся ў іх: Пра што спрачаецеся з імі?
І адказаў Яму адзін з натоўпу: Настаўнік, я прынёс да Цябе свайго сына, які мае духа нематы. І дзе б ні схапіў яго, кідае яго, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі.
Езус сказаў ім ў адказ: О, нявернае пакаленне, дакуль Я буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне. І прынеслі яго да Езуса. І калі дух убачыў Езуса, адразу застрос хлопца, а той зваліўся на зямлю і качаўся, пускаючы пену.
Езус спытаўся ў ягонага бацькі: Як даўно гэта здараецца з ім? Той адказаў: З дзяцінства. Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, злітуйся над намі і дапамажы нам.
Езус жа сказаў яму: Калі можаш! Усё магчыма для таго, хто верыць.
Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: Веру, дапамажы майму нявер’ю.
Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь ў яго. І, закрычаўшы, той моцна скалануў хлопца і выйшаў. І ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: Ён памёр. Але Езус узяў яго за руку і падняў, і ён устаў.
Калі Езус увайшоў у дом, вучні спыталіся ў Яго сам-насам: Чаму мы не змаглі выгнаць яго? Ён сказаў ім: Гэты род нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні