Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана. Год В.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 1, 1–11
Узнёсся на вачах іхніх

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Першую кнігу я напісаў, Тэафіле, пра ўсё, што рабіў Езус і чаму вучыў ад пачатку аж да дня, у які ўзнёсся, даўшы праз Духа Святога загады Апосталам, якіх выбраў ды перад якімі з’явіўся жывым пасля сваёй мукі ў шматлікіх доказах. На працягу сарака дзён аб’яўляўся ім і казаў пра Божае Валадарства.

І калі разам елі, наказаў ім не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом, пра што вы чулі ад Мяне. Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя праз некалькі дзён Духам Святым.

А сабраныя пыталіся ў Яго: Пане, ці не ў гэтым часе Ты адбудуеш каралеўства Ізраэля? Ён жа адказаў ім: Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец прызначыў сваёй уладай. Але прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі.

І, сказаўшы гэта, Ён узнёсся на вачах іхніх, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй. І калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 47 (46), 2–3. 6–7. 8–9 (Р.: 6)

Рэфрэн: Узнёсся Бог пад радасныя воклічы

Або:  Аллелюя.

2. Усе народы, пляскайце ў далоні, *
радасным голасам усклікайце Богу,
3. бо грозны Пан Найвышэйшы, *
вялікі Валадар над усёй зямлёй.

Рэфрэн:

6. Узнёсся Бог пад радасныя воклічы, *
Пан пры гуках трубы.
7. Спявайце Богу, спявайце, *
спявайце нашаму Валадару, спявайце.

Рэфрэн:

8. Бо Валадар усёй зямлі — Бог, *
Яму гімн заспявайце.
9. Бог валадарыць над народамі, *
Бог сядзіць на сваім троне святым.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 17–23
Пасадзіў Яго праваруч сябе на нябёсах

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага і якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых, і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго з мёртвых і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаваннне, і за ўсялякае імя, якое называюць не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.

І ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя, і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 28, 19. 20

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова сталася целам і пасялілася між намі,
і бачылі мы славу Ягоную.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 16, 15–20
Узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога

+ Заканчэнне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус з’явіўся Адзінаццаці і сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць.

І Пан Езус, пасля размовы з імі, узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль абвяшчалі Евангелле. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"