Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Субота — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 12, 26–32; 13, 33–34
Ерабаам зрабіў два залатыя цяляты

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Ерабаам сказаў у сэрцы сваім: Цяпер каралеўства вернецца да дому Давіда. Калі гэты народ будзе хадзіць для прынясення ахвяраў у святыню Пана ў Ерузалем, то сэрца народа гэтага схіліцца да іхняга гаспадара Рабаама, караля Юды, і яны заб’юць мяне і вернуцца да Рабаама, караля юдэйскага. Кароль параіўся і зрабіў два залатыя цяляты, і сказаў людзям: Хопіць вам хадзіць ў Ерузалем! Вось твае багі, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі егіпецкай. І паставіў аднаго ў Бэтэль, а другога — у Дане. І гэта прывяло да граху, бо стаў народ хадзіць да аднаго ў Бэтэль і да другога — аж у Дан.

Ерабаам збудаваў святыні на ўзвышшы і паставіў святароў з простых людзей, якія не паходзілі з сыноў Левія. І прызначыў урачыстасць у пятнаццаты дзень восьмага месяца на падабенства ўрачыстасці, якая святкавалася ў Юдэі. І сам узыходзіў да ахвярніка. Тое ж ён зрабіў у Бэтэлі, складаючы ахвяру цялятам, якіх зрабіў. І прызначыў у Бэтэлі святароў узвышшаў, якія ўзнёс.

Пасля ўсяго гэтага Ерабаам не сышоў са сваёй ліхой дарогі, але і надалей прызначаў святароў узвышшаў з простых людзей. Хто толькі хацеў, таго ён прызначаў святаром на ўзвышшах. Гэта і прывяло дом Ерабаама да граху і стала прычынай яго пагібелі і знішчэння з твару зямлі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 106 (105), 6–7а. 19–20. 21–22 (Р.: 4а)

Рэфрэн: Памятай пра нас, Пане, у сваёй прыхільнасці.

6. Мы зграшылі, як і нашыя бацькі, *
паступалі несправядліва і чынілі беззаконне.
7. Бацькі нашыя ў Егіпце *
не зразумелі Тваіх цудаў.

Рэфрэн:

19. Зрабілі цяля пад Гарэбам *
і пакланяліся адлітаму ідалу.
20. І замянілі сваю славу *
на выяву быка, які есць траву.

Рэфрэн:

21. Забыліся пра Бога, свайго Збаўцу, *
які вялікія цуды ўчыніў у Егіпце,
22. дзіўныя справы ў зямлі Хама, *
грозныя рэчы каля Чырвонага мора.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мц 4, 4b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
але ўсялякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 1–10
І яны елі, і насыціліся

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У тыя дні:

Да Езуса зноў сабраўся вялікі натоўп, і не было ім чаго есці. Тады Ён паклікаў вучняў сваіх і сказаў ім: Шкада мне народу, бо ўжо тры дні знаходзяцца са Мною, а не маюць чаго есці. І калі адпраўлю іх дадому галоднымі, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк.

І адказалі Яму вучні Ягоныя: Адкуль можа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні? Ён спытаўся ў іх: Колькі маеце хлябоў? Яны адказалі: Сем.

Тады загадаў людзям сесці на зямлю. І ўзяўшы сем хлябоў, і падзякаваўшы, паламаў іх і даў вучням сваім, каб раздавалі. І яны раздалі людзям. І мелі некалькі рыбак. І благаславіў іх, і загадаў раздаць. І яны елі, і насыціліся, і набралі сем кашоў кавалкаў, што засталіся. А тых, хто еў, было каля чатырох тысяч. І адпусціў іх. Тады адразу з вучнямі сваімі ўвайшоў у човен, і прыбыў у дальмануцкі край.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Субота

Друкаваць

  • Сакавік
    2018

    Тэатр Зніч

  • Фотавыстава

    Фотавыстава Уладзіслава Цыдзіка "Бачу Беларусь такой"

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Запрашаем на тыдзень беларускай мовы, які адбудзецца 21 – 25 лютага 2018 г. у бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла.

  • Ахвяраванні на званы
  • Люты
    2018

    Тэатр Зніч

  • У Мінску пройдзе малітоўна-музычная сустрэча, прысвечаная памяці Адама Міцкевіча

    Штогод 24 снежня ля помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску ў аднайменным скверы праходзяць «Калядныя сустрэчы», прысвечаныя памяці паэта і патрыёта сваёй Айчыны, які нарадзіўся менавіта ў гэты дзень. Сёлета таксама да ўдзелу ў імпрэзе запрашаюцца ўсе жадаючыя.