Аўторак — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 8, 22–23. 27–30
Ты сказаў: Маё імя будзе там... Пачуй просьбу слугі Твайго і народа Твайго, Ізраэля
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Саламон стаў перад ахвярнікам Пана, перад усім сходам Ізраэля, узняў рукі да неба і сказаў: Пане, Божа Ізраэля. Няма такога Бога, як Ты, ні ўверсе ў нябёсах, ні ўнізе на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад Табою ўсім сваім сэрцам.
Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Бо калі нябёсы і неба нябёсаў не могуць змясціць Цябе, тым больш гэты дом, які я пабудаваў Табе. Але пагдзядзі, Пане мой Божа, на малітву слугі Твайго і на яго просьбу. Пачуй крык і малітву, якою слуга Твой моліць Цябе сёння. Няхай уначы і ўдзень вочы Твае глядзяць на гэтую святыню і на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: Маё імя будзе там, — каб пачуць малітву, якою будзе маліцца слуга Твой на гэтым месцы.
Пачуй просьбу слугі Твайго і народу Твайго, Ізраэля, калі яны будуць маліцца на гэтым месцы. Ты слухай на месцы Твайго прабывання ў нябёсах, пачуй і прабач.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 84 (83), 3. 4. 5 і 10. 11 (Р.: 2)
Рэфрэн: Мілыя шатры Твае, Пане Магуццяў.
3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.
Рэфрэн:
4. Нават верабей знаходзіць сабе дом, а ластаўка сабе гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят,
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.
Рэфрэн:
5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
10. Божа, наша абарона, паглядзі, *
паглядзі на твар памазаніка Твайго.
Рэфрэн:
11. Бо адзін дзень на Тваіх дзядзінцах *
лепшы за тысячу іншых;
лепш буду стаяць на парозе дому майго Бога, *
чым жыць у шатрах грэшнікаў.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 119 (118), 36. 29b
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Схілі, Божа, маё сэрца да Тваіх сведчанняў
і дай мне Закон Твой.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 7, 1–13
Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль не памыюць старанна рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыццё кубкаў, і збаноў, і місаў, і лавак.
Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі?
Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі.
І сказаў ім: Вы ўмела адхіляеце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю. Бо Майсей сказаў: Шануй бацьку свайго і маці сваю, — і: Хто зласловіць бацьку ці маці, няхай памрэ смерцю. А вы гаворыце: Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Корбан, а гэта значыць, дарам ахвярным ёсць тое, чым я мог бы дапамагчы, — то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці. Вы адхіляеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні