Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Аўторак — чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 18, 9–10. 14b. 24–25а. 31—19, 3
Сыне мой, Абсалом, няхай бы я памёр замест цябе

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Здарылася, што Абсалом, які ехаў на муле, нечакана сутыкнуўся са слугамі Давіда. Калі мул уцёк пад галлё вялікага густога дубу, Абсалом зачапіўся галавою за дуб і павіс паміж небам і зямлёю, а мул, на якім сядзеў, пабег далей. Убачыў гэта нейкі чалавек і сказаў Ёаву: Бачыў я Абсалома, які вісіць на дубе. І ўзяў Ёаў у рукі свае тры дзіды, і ўсадзіў іх у сэрца Абсалома.

Тым часам Давід сядзеў паміж дзвюма брамамі. А стражнік хадзіў па тэрасе брамы над мурам. Узняўшы вочы свае, ён убачыў, што бяжыць нейкі чалавек. Стражнік крыкнуў і паведаміў каралю.

Тады з’явіўся Кушыта і, уваходзячы, сказаў: Добрую навіну прыношу, гаспадар і кароль мой, бо сёння Пан рассудзіў на тваю карысць, вызваліўшы цябе ад рук усіх, хто паўставаў супраць цябе. Кароль спытаўся ў Кушыты: Ці добра ўсё з маладым Абсаломам? Кушыта сказаў яму ў адказ: Няхай з ворагамі гаспадара майго і караля, а таксама з усімі, хто паўстаў супраць яго, будзе тое самае, што і з юнаком.

Кароль затрымцеў і, падняўшыся ў пакой над брамай, заплакаў. А калі ішоў, так казаў: Сыне мой, Абсалом, сыне мой, Абсалом, сыне мой. Няхай бы я памёр замест цябе. Сыне мой, Абсалом, сыне мой.

І сказалі Ёаву: Кароль галосіць і плача па Абсалому. І ў той дзень перамога абярнулася ў жалобу ўсяго народа. Бо народ пачуў у той дзень, што казалі: Кароль плача па сваім сыне.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 86 (85), 1–2. 3–4. 5–6 (Р.: 1а)

Рэфрэн:  Cхілі, Пане, сваё вуха і выслухай мяне.

1. Cхілі, Пане, сваё вуха і выслухай мяне, *
бо я бедны і ўбогі.
2. Захавай маю душу, бо я пабожны, *
збаў, мой Божа, Твайго слугу, які на Цябе спадзяецца.

Рэфрэн:

3. Змілуйся нада мною, Пане, *
бо ўвесь дзень Цябе я клічу.
4. Узрадуй душу слугі Твайго, *
бо да Цябе, Пане, я ўзношу сваю душу.

Рэфрэн:

5. Бо Ты, Пане, добры і выбачлівы, *
шматміласцівы да ўсіх, хто Цябе заклікае.
6. Пачуй, Пане, малітву маю, *
прыслухайся да голасу майго малення.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Мц 8, 17

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Езус узяў на сябе нашую слабасць
і вылячыў хваробы.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 5, 21–43
Дзяўчынка, табе кажу, устань!

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.

А пэўная жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонай вопраткі, бо казала сама сабе: Калі хаця б дакрануся да Яго вопраткі, выздаравею. І адразу ж спыніўся ў яе крывацёк, і адчула яна ў целе, што выздаравела ад хваробы. Езус жа, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі? І вучні Ягоныя сказалі Яму: Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся «хто дакрануўся да Мяне?». Але Ён аглядаўся навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта. Жанчына ж спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што сталася ёй. Яна падышла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь здаровая ад хваробы сваёй.

Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка? Але Езус, пачуўшы сказаныя словы, кажа кіраўніку сінагогі: Не бойся, толькі вер! І не дазволіў нікому ісці за сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі. Убачыў Ён мітусню, плач і вялікае галашэнне. І, увайшоўшы, кажа ім: Чаго мітусіцеся і плачаце, дзіцё не памерла, але спіць. І смяяліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з імі, і ўвайшоў туды, дзе было дзіцё. І, узяўшы дзіцё за руку, кажа ёй: Таліта, кум! – што значыць: дзяўчынка, табе кажу, устань! І адразу ж устала дзяўчынка і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі ў вялікім здзіўленні. А Ён сурова загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў, каб далі ёй есці.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.