Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 15, 13–14. 30; 16, 5–13а
Уцякайма ад Абсалома. Няхай зласловіць, бо так яму загадаў Пан

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Прыйшоў пасланец і сказаў Давіду: Сэрцы ізраэльцянаў схіліліся да Абсалома. І сказаў Давід сваім слугам, якія былі з ім у Ерузалеме: Устаньце і ўцякайма, бо не будзе нам ратунку ад Абсалома. Спяшайцеся адысці, каб ён не апярэдзіў і не дагнаў нас, і не прынёс нам бяды, і не знішчыў горада гэтага вастрыём мяча.

Калі Давід узыходзіў на Аліўную Гару, ён ішоў і плакаў. Галава ягоная была пакрытая. Ён ішоў босы. Таксама ўсе людзі, пакрыўшы галовы свае, узыходзілі і плакалі.

Калі ж кароль Давід падышоў да Бахурыма, выйшаў адтуль чалавек з сямейства дому Саўла. Звалі яго Сэмэй, сын Гера. Ён заходзіў наперад і зласловіў, кідаючы камяні ў Давіда і ва ўсіх слугаў караля Давіда, хоць увесь народ і ўсе мужныя воіны былі злева і справа.

Сэмэй казаў так, зласловячы: Прэч, прэч, крывавы муж і нягодны чалавек. Пан адплаціў табе за ўсю кроў дому Саўла, замест якога ты пануеш. І аддаў Пан валадаранне ў рукі сына твайго Абсалома. І вось ты ў бядзе, бо ты крывавы чалавек.

Тады Абісай, сын Цэруя, сказаў каралю: Чаму гэты здохлы сабака зласловіць гаспадара майго і караля? Пайду і адсяку яму галаву. Але кароль сказаў: Што мне і вам да гэтага, сыны Цэруя? Калі ён зласловіць і калі Пан загадаў яму зласловіць Давіда, хто тады адважыцца сказаць: Чаму ты робіш так? І сказаў Давід Абісаю і ўсім слугам ягоным: Вось сын мой, які выйшаў з нутра майго, шукае згубы маёй, а гэты сын Бэньямініта тым больш. Пакіньце яго, няхай зласловіць, бо так яму загадаў Пан. Можа паглядзіць Пан на прыніжэнне маё і адплаціць мне дабром за гэты сённяшні праклён.

І пайшоў Давід і ягоныя людзі далей сваёй дарогай.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 3, 2–3. 4–5. 6–7 (Р.: 8а)

Рэфрэн:  Пане, устань, збаў мяне, мой Божа.

2. Пане, шмат стала ворагаў маіх, *
шмат тых, хто паўстае супраць мяне.
3. Многія кажуць душы маёй: *
Няма ратунку ў Богу.

Рэфрэн:

4. Аднак Ты, Пане, шчыт мой і мая слава, *
Ты галаву маю ўздымаеш.
5. Голасам маім я ўсклікаў да Пана, *
і Ён адказаў мне з гары сваёй святой.

Рэфрэн:

6. Я кладуся і засынаю, *
прачынаюся, бо мяне падтрымлівае Пан.
7. Не пабаюся дзесяці тысяч людзей, *
якія сталі вакол мяне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ  Лк 7, 16

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Вялікі прарок паўстаў сярод нас,
і Бог наведаў свой народ.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 5, 1–20
Выйдзі з чалавека, нячысты дух

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і Яго вучні прыбылі на другі бок мора ў краіну гадарэнаў. А калі Ён выйшаў з чаўна, Яму насустрач адразу выйшаў чалавек з могілак, апанаваны нячыстым духам. Жыллё ягонае было сярод магілаў. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом, таму што часта яго знявольвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разбіваў ланцугі і кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць. Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў грабніцах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі.

Калі ж ён здалёк убачыў Езуса, падбег і пакланіўся Яму, і закрычаў моцным голасам, кажучы: Што Табе да мяне, Езу, сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не мучай мяне. Бо Езус сказаў яму: Выйдзі з чалавека, нячысты дух. І спытаўся ў яго: Як тваё імя? Той адказаў: Маё імя легіён, бо нас шмат. І моцна прасіў Яго, каб не выганяў іх з гэтай ваколіцы.

Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней. І прасілі яго нячыстыя духі, кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх. І Ён дазволіў ім. І выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і статак, каля дзвюх тысяч, з абрыву кінуўся ў мора, і патанулі яны ў моры.

Свінапасы ж паўцякалі і абвясцілі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Яны прыйшлі да Езуса і ўбачылі, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся. А тыя, хто бачыў, расказалі ім пра тое, што адбылося з апантаным і са свіннямі. Тады пачалі яны прасіць Езуса, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.

Калі Езус сядаў у човен, прасіў Яго апантаны, каб застацца з Ім. Але Езус не дазволіў яму і сказаў: Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як злітаваўся над табою. Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Слова Божае, Панядзелак, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"