Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 7, 4–17
Абуджу пасля цябе патомка твайго і ўмацую ягонае валадарства

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Да Натана было скіравана слова Пана: Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: так кажа Пан: ці ты збудуеш Мне дом Майго жылля? Бо Я не жыў у доме з таго дня, калі вывеў сыноў Ізраэля з зямлі егіпецкай, аж да гэтага дня, але прабываў у скініі і шатры. Паўсюль, дзе Я вандраваў сярод ўсіх сыноў Ізраэля, ці сказаў Я слова хоць аднаму з ізраэльскіх пакаленняў, якому наказаў пасвіць народ Мой, Ізраэль: Чаму не пабудуеце мне дом з кедру?

Таму цяпер ты скажаш слузе Майму Давіду: Так кажа Пан Магуццяў: Я забраў цябе з пашы, калі хадзіў ты за авечкамі, каб стаў ты правадыром Майго народа, Ізраэля. І быў з табою ўсюды, куды б ты не хадзіў, і знішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё вялікім, як імя вялікіх на зямлі. Я прызначу месца для народа Майго, Ізраэля, і пасялю яго, і будзе ён жыць на сваім месцы, і не будзе больш турбавацца, і бязбожныя не будуць больш уціскаць яго, як раней. З таго часу, як устанавіў суддзяў над народам Маім, Ізраэлем, Я даў табе жыць у згодзе з усімі ворагамі тваімі. І Пан абяцаў, што пабудуе для цябе дом. Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Ён збудуе дом Майму імені, а Я ўмацую трон яго панавання навекі. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам. Калі ён учыніць беззаконне, Я пакараю яго людскою розгаю і ўдарамі чалавечых сыноў. Але міласэрнасці сваёй не адыму ў яго, як адняў у Саўла, папярэдніка твайго, якога Я адкінуў. І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі.

Паводле ўсіх гэтых словаў і згодна з усім бачаннем гэтым, так гаварыў Натан Давіду.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 89 (88), 4–5. 27–28. 29–30 (Р.: 29а)

Рэфрэн: Навекі захаваю Маю міласэрнасць.

4. Я заключыў запавет з выбраным Маім, *
прысягнуў Давіду, слузе Майму:
5. Навекі ўмацую патомства тваё *
і трон твой устанаўлю з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

27. Ён будзе клікаць Мяне: Ты мой Айцец, *
мой Бог і скала збаўлення майго.
28. Я ўчыню яго сваім першародным, *
вышэйшым за ўсіх зямных каралёў.

Рэфрэн:

29. Навекі захаваю для яго Маю міласэрнасць, *
і будзе непахісным запавет Мой з ім.
30. Устанаўлю навекі яго патомства, *
і трон ягоны, як дні неба.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Зернем ёсць Божае слова, сейбіт — Хрыстус;
кожны, хто Яго знайдзе, будзе жыць навекі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 1–20
Выйшаў сейбіт сеяцьc

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабраўся да Яго вялікі натоўп людзей, так што Ён увайшоў у човен і сядзеў у ім, на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора. Ён навучаў іх многаму ў прыпавесцях і казаў ім у сваім вучэнні:

Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала ўскрай дарогі, і прыляцелі птушкі, і падзяўблі яго. Іншае ўпала на камяністую глебу, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая. А калі ўзышло сонца, завяла, бо не мела карэння, і засохла. Іншае ўпала паміж цёрну, і вырас цёрн, і заглушыў яго, так што не дало плоду. Іншае ўпала на добрую глебу і дало плён, які ўзышоў і вырас. І прынесла плён адно ў трыццаць, другое ў шэсцьдзесят, а іншае — ў сто разоў большы.

І сказаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

А калі застаўся адзін, пыталі ў Яго тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццацю аб прыпавесці. І Ён сказаў ім: Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях, каб яны глядзелі, і не бачылі, слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і каб не было даравана ім.

І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці?

Сейбіт сее слова. Пасеянае ўскрай дарогі — гэта тыя, у кім сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх. Пасеянае на камяністай глебе — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго, але не мае ў сабе кораня, і яны нясталыя. Потым, калі настане ўціск і пераслед за слова, адразу губляюць веру. Пасеянае ў цернях — гэта тыя, хто чуе слова, але турботы свету, зман багацця ды іншыя прагненні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно застаецца бясплённым. А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, і прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзесят, а іншы — ў сто разоў большы.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.
  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.