Аўторак — трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 6, 12b–15. 17–19
Давід і ўвесь дом Ізраэля пераносілі каўчэг Пана з радаснымі воклічамі

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Давід пайшоў і з радасцю перанёс Божы каўчэг з дому Абэдэдома ў горад Давіда. І калі тыя, хто нёс Божы каўчэг, ступалі шэсць крокаў, ён прыносіў у ахвяру быка і адкормленае цяля. І, апрануты ў ільняны эфод, Давід з усіх сіл танцаваў перад Панам. Так Давід і ўвесь дом Ізраэля пераносілі каўчэг Пана з радаснымі воклічамі і гукамі трубы.

Перанеслі каўчэг Пана і паставілі на прызначанае для яго месца ў сярэдзіне шатра, які расцягнуў для яго Давід. І прынёс ён перад Панам ахвяры ўсеспалення і прымірэння, а калі завяршыў прынясенне ахвяр усеспалення і прымірэння, благаславіў народ у імя Пана. Потым раздаў сярод усяго народу, сярод усяго мноства Ізраэля, як жанчын, так і мужчын, па адным бохане хлеба, па адным кавалку мяса і па булцы з разынкамі. І разышышліся ўсе людзі, кожны да свайго дому.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 24 (23), 7–8. 9–10 (Р.: пар. 8а)

Рэфрэн:  Пан Бог Магутны, Ён Кароль славы.

7. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
8. Хто ж гэты Кароль славы? †
Пан, моцны і магутны, *
Пан, магутны ў барацьбе.

Рэфрэн:

9. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
10. Хто Ён, гэты Кароль славы? *
Пан Магуццяў, Ён кароль славы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мц 11, 25

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі,
што таямніцы Валадарства ты адкрыў дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 3, 31–35
Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Прыйшлі Маці Езуса і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.

Але Ён сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Аўторак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць