Панядзелак — трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 5, 1–7. 10
Ты будзеш пасвіць народ Мой, Ізраэль

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Усе плямёны Ізраэля прыйшлі да Давіда ў Гэброн і сказалі: Вось мы косць твая і цела тваё. І ўчора, і яшчэ даўней, калі Саўл панаваў над намі, ты быў правадыром Ізраэля. І сказаў Пан табе: Ты будзеш пасвіць народ Мой, Ізраэль, і ты будзеш кіраўніком Ізраэля.

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля ў Гэброн, і кароль Давід заключыў з імі запавет у Гэброне перад Панам; і намасцілі Давіда каралём Ізраэля. Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён пачаў валадарыць, і валадарыў ён сорак гадоў. У Гэброне ён валадарыў над Юдаю сем гадоў і шэсць месяцаў, а ў Ерузалеме валадарыў трыццаць тры гады над усім Ізраэлем і над Юдаю.

І разам са сваімі людзьмі пайшоў кароль на Ерузалем супраць эбусеяў, якія жылі на гэтай зямлі. Яны сказалі Давіду: Ты не ўвойдзеш сюды, бо адгоняць цябе сляпыя і кульгавыя. Азначала гэта: Давід сюды не ўвойдзе. Але Давід узяў цвярдыню Сіён, гэта значыць горад Давіда.

Давід станавіўся ўсё больш магутным, і Пан Бог Магуццяў быў з ім.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 89 (88), 20. 21–22. 25–26 (Р.: 25а)

Рэфрэн:  З ім мая вернасць і міласэрнасць.

20. Калісьці ў бачанні Ты гаварыў *
са сваімі святымі і казаў:
Я дапамог адважнаму, *
узвысіў выбранага з народа.

Рэфрэн:

21. Знайшоў Давіда, слугу майго, *
Я намасціў яго маім святым алеем.
22. Рука моцы маёй заўсёды будзе з ім, *
і плячо маё яго падтрымае.

Рэфрэн:

25. З ім мая вернасць і міласэрнасць, *
у маім імені ўзвялічана яго моц.
26. Пакладу яго руку над морам, *
а над рэкамі — ягоную правіцу.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 2 Цім 1, 10b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Збаўца наш Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 3, 22–30
Настаў канец сатане

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў.

А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана выганяць сатану?

Калі валадарства раздзеліцца ўнутры, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца ўнутры, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе мець прабачэння ніколі, але будзе падлягаць вечнаму асуджэнню.

Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: Ён мае нячыстага духа.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць