ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 1, 1–6. 8–20
Сярод іх усіх не знайшлося такіх, як Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя
Пачатак кнігі прарока Даніэля.
У трэці год панавання Ёакіма, караля юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, кароль Бабілёна, да Ерузалема і аблажыў яго. І Пан аддаў у рукі ягоныя Ёакіма, караля юдэйскага, і частку начыння з дому Божага. І павёў іх Навухаданосар у зямлю Шынаар, у дом багоў сваіх, і занёс гэтае начынне ў скарбніцу багоў сваіх.
І сказаў кароль Ашфэназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб з ліку сыноў Ізраэля, з патомства каралеўскага і шляхетнага прывёў хлопцаў без заганы, прыгожых з выгляду, адораных усякай мудрасцю, абазнаных у навуках і здольных да навучання, якіх можна было б паставіць на службу ў каралеўскім палацы і навучыць іх пісанню і мове халдэяў. І прызначыў ім кароль штодзённую порцыю з каралеўскіх страваў і віна, якое сам піў. Загадаў выхоўваць іх тры гады, каб пасля яны сталі перад абліччам караля. Былі ж сярод гэтых сыноў Юды Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя.
Даніэль жа вырашыў у сэрцы сваім не апаганьвацца ежаю караля і віном, якое піў той, і папрасіў кіраўніка еўнухаў, каб дазволіў яму не апаганьвацца. Бог жа даў Даніэлю прыхільнасць і спачуванне ў вачах кіраўніка еўнухаў. І сказаў кіраўнік еўнухаў Даніэлю: Я баюся гаспадара майго, караля, які сам прызначыў вам ежу і пітво. Калі ён пабачыць, што твары вашыя худзейшыя, чым у іншых юнакоў, аднагодкаў вашых, то вы зробіце вінаватай галаву маю перад каралём. І сказаў Даніэль Амелсару, якога кіраўнік еўнухаў паставіў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем: Прашу, выпрабуй нас на працягу дзесяці дзён; няхай даюць нам есці агародніну і ваду для піцця. Тады паглядзіш на твары нашыя і твары юнакоў, якія харчуюцца каралеўскай ежай, і зробіш са сваімі слугамі паводле таго, што ўбачыш.
Ён паслухаўся гэтай іхняй прапановы і выпрабоўваў іх дзесяць дзён. Пасля ж дзесяці дзён іх твары сталі прыгажэйшымі, а целы – больш мажнымі, чым у юнакоў, якіх кармілі каралеўскай ежай. Тады Амелсар забіраў іхнюю ежу і пітво і даваў ім агародніну.
І даў Бог гэтым чатыром юнакам веды і ўменні ва ўсякім пісанні і мудрасці, а Даніэлю даў яшчэ разуменне ўсіх бачанняў і сноў. Як скончыліся тыя дні, калі кароль загадаў іх прывесці, кіраўнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара. Кароль размаўляў з імі, і сярод іх усіх не знайшлося такіх, як Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя. І сталі яны служыць каралю. Калі кароль пытаўся ў іх наконт кожнай справы, якая патрабавала мудрасці і разумення, ён знаходзіў іх ў дзесяць разоў лепшымі за ўсіх магаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім ягоным валадарстве.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 13–14
Улада Ягоная — вечная ўлада
Чытанне Першай кнігі прарока Даніэля.
Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 14–17
Радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду
Чытанне кнігі прарока Захарыі.
Весяліся і радуйся, дачка Сіёна,
бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, — кажа Пан.
І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той,
і стануць для Яго народам.
І Я пасялюся пасярод цябе,
і ты пазнаеш, што Пан Магуццяў паслаў Мяне.
Пан возьме ва ўладанне Юду,
сваю спадчыну на Святой зямлі,
і зноў выбера Ерузалем.
Замоўкні, усялякае цела, перад абліччам Пана,
бо Ён падымаецца са свайго святога жылля.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 6, 1–13
За зло, якое ўчыніў у Ерузалеме, у вялікім смутку я паміраю
Чытанне Першай кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Кароль Антыёх праходзіў па верхняй краіне і пачуў, што ў Персіі ёсць горад Элімаіс, вядомы сваім багаццем на срэбра і золата. А ў ім – вельмі багатая святыня, у якой знаходзяцца залатыя шлемы, шчыты і зброя, пакінутыя там Аляксандрам Македонскім, сынам Філіпа, які першы панаваў над грэкамі. І пайшоў ён, і спрабаваў ўзяць горад і абрабаваць яго, але не здолеў, бо пра яго намеры даведаліся жыхары горада. І падняліся на бітву супраць яго, і ён уцёк, і адышоў адтуль з вялікім смуткам, каб вярнуцца ў Бабілён.
А калі ён быў яшчэ ў Персіі, да яго прыбыў пэўны пасланец і паведаміў, што войскі, якія вырушылі ў зямлю Юды, звернуты ў бегства. Лізій жа, які сярод першых выправіўся з моцнымі сіламі, быў прагнаны ад аблічча юдэяў, якія ўзмацніліся за кошт зброі, сілаў, і шматлікіх трафеяў, забраных у разбітага войска. Самі ж юдэі зруйнавалі агіду, пабудаваную на алтары ў Ерузалеме, і абнеслі высокімі мурамі святыню, як і раней, а таксама свой горад Бэт-Шур.
Калі кароль пачуў гэтыя навіны, ён спалохаўся і моцна ўсхваляваўся. Упаў на свой ложак і занямог з-за смутку, што не сталася так, як ён задумаў.
Заставаўся там шмат дзён, бо глыбокі смутак аднаўляўся ў ім, і ён зразумеў, што памірае. І паклікаў усіх сяброў сваіх, і сказаў ім: Сон пакінуў мяне, а маё сэрца сціснулася ад хвалявання, і сказаў я ў сваім сэрцы: Да якога смутку дайшоў я. У якое хваляванне патрапіў я, той, які быў ласкавы і любімы падчас панавання свайго. Цяпер жа прыгадваю тое зло, якое я ўчыніў у Ерузалеме. Я забраў адтуль ўсё срэбнае і залатое начынне і беспадстаўна паслаў знішчыць жыхароў Юды. Я зразумеў, што з гэтай прычыны напаткала мяне гэтае ліха, і вось у вялікім смутку я паміраю на чужыне.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 4, 36-37. 52-59
Адбылося пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні
Чытанне Першай кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Юда і ягоныя браты сказалі: Вось разбіты ворагі нашы, пойдзем ачысціць і пасвяціць святыню. І сабралася цэлае войска, і пайшлі на гару Сіён.
Усталі на самым світанні ў дваццаць пяты дзень дзевятага месяца, гэта значыць, месяца кіслеў, сто сорак восьмага года і прынеслі, паводле Закону, ахвяру на новым алтары ўсеспаленняў, які збудавалі. Пасвячэнне ж алтара пры спевах і гранні цытраў, арфаў і цымбалаў адбылося ў той самы дзень, калі язычнікі зняславілі яго.
Увесь народ упаў на твар і пакланіўся, благаслаўляючы да неба таго, хто паспрыяў ім. Восем дзён святкавалі пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні, ахвяры збаўлення і падзякі. Фасад святыні ўпрыгожылі залатымі вянкамі і малымі шчытамі, аднавілі брамы і пакоі для святароў, і паўстаўлялі ў іх дзверы. І сталася вельмі вялікая радасць у народзе, што прыбраная агіда язычнікаў. Тады Юда і браты ягоныя, і ўвесь сход Ізраэля пастанавілі, што дні пасвячэння алтара будуць з радасцю і весялосцю святкавацца ў гэты час штогод, на працягу васьмі дзён, пачынаючы з дваццаць пятага дня месяца кіслеў.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 2, 15–29
Будзем жыць паводле запавету айцоў нашых
Чытанне Першай кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Каралеўскія пасланцы, якія прымушалі да адступніцтва, прыбылі ў горад Мадэйн, каб наладзіць ахвярапрынашэнне. І шмат ізраэльцянаў прыйшло да іх. Сабраліся таксама Матація і ягоныя сыны. Тады звярнуліся каралеўскія пасланцы да Матаціі, кажучы: У гэтым горадзе ты першы, знакаміты і вялікі чалавек, які мае падтрымку сыноў і братоў. Цяпер падыдзі першы і ўчыні тое, што загадвае кароль, як зрабілі ўсе язычнікі, мужы Юды і тыя, хто застаўся ў Ерузалеме. Тады і ты, і твае сыны апынецеся ў ліку каралеўскіх сяброў і разам са сваімі сынамі будзеш ушанаваны срэбрам, золатам і шматлікімі дарамі.
І адказаў Матація, кажучы гучным голасам: Нават калі ўсе народы, якія знаходзяцца пад панаваннем караля, паслухаліся яго і кожны адступіў ад бацькоўскай рэлігіі, згаджаючыся з ягонымі загадамі, я, мае сыны і мае браты будзем жыць паводле запавету айцоў нашых. Барані Бог, каб мы пакінулі Закон і запаведзі. А каралеўскім загадам падпарадкоўвацца не будзем і не адступім ад нашай рэлігіі ні ўправа, ні ўлева.
Як толькі скончыў казаць гэтыя словы, адзін юдэй на вачах усіх падышоў, каб, паводле каралеўскага загаду, прынесці ахвяру на алтар у Мадэйне. І ўбачыў Матація, і напоўніўся руплівасцю, і задрыжэла сэрца ягонае, і запаліўся справядлівым гневам, і падбег, і забіў яго на алтары. Забіў у той момант таксама каралеўскага чалавека, які прымушаў прыносіць ахвяру, а сам алтар зруйнаваў. І напоўніўся руплівасцю аб Законе, як Фінээс зрабіў Замрэю, сыну Салома.
І закрычаў Матація ў горадзе гучным голасам: Кожны, хто рупіцца аб Законе і трымаецца запавету, няхай выходзіць за мною. Тады ён і сыны ягоныя ўцяклі ў горы і пакінулі ўсё, што яны мелі ў горадзе. А многія, хто шукаў справядлівасці і праўды, сышлі ў пустыню і заставаліся там.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Мак 7, 1. 20-31
Вера ў змёртвыхпаўстанне моцаю пакутнікаў
Чытанне Другой кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Здарылася, што сем братоў разам з маці былі схоплены, і катавалі іх бізунамі і рамянямі, бо кароль хацеў прымусіць іх пакаштаваць свініны, забароненай Законам.
Але найбольшага здзіўлення і добрай памяці заслужыла маці, якая на працягу аднаго дня бачыла смерць семярых сыноў, і мужна перанесла гэта дзякуючы сваёй надзеі на Пана. Яна заахвочвала кожнага з іх на роднай мове. Поўная высакародных думак, падмацоўвала свае жаночыя разважанні мужчынскай адвагай і так казала ім: Не ведаю, як вы апынуліся ў маім улонні, не я таксама дала вам дыханне і жыццё, і не я склала ўсе члены вашыя. Таму Стварыцель свету, які сфармаваў нараджэнне чалавека і вынайшаў нараджэнне ўсяго, у міласэрнасці сваёй зноў верне вам і дыханне, і жыццё, таму што цяпер вы пагарджаеце сабою дзеля Ягоных законаў.
Антыёх жа, падазраючы пагарду, падумаў, што яго зневажаюць. Калі малодшы брат яшчэ жыў, кароль не толькі звярнуўся да яго з заахвочаннем, але, прысягаючы, запэўніваў, што зробіць яго шчаслівым і багатым, учыніць сябрам і даручыць важныя справы, калі ён толькі адвернецца ад бацькоўскіх законаў. Паколькі юнак наогул не звяртаў на яго ўвагі, кароль паклікаў маці, пераконваючы яе параіць хлопцу ўратавацца.
Пасля доўгіх угавораў яна згадзілася пераканаць сына. Аднак, схіліўшыся над ім, сказала на роднай мове, насміхаючыся з жорсткага тырана: Сыне, злітуйся нада мною! Я насіла цябе ва ўлонні дзевяць месяцаў, карміла цябе малаком тры гады і даглядала, з клопатам гадуючы цябе да гэтага ўзросту. Прашу цябе, дзіця, паглядзі на неба і на зямлю і, убачыўшы ўсё, што на іх, зразумей, што Бог з небыцця стварыў іх, і чалавечы род узнік такім самым чынам. Не бойся кáта гэтага, але будзь годным братоў і прымі смерць, каб у час міласэрнасці я знайшла цябе разам з братамі тваімі.
Калі яна яшчэ гаварыла, юнак сказаў: Чаго чакаеце? Я не паслухаюся каралеўскага загаду, я паслухмяны загаду, які быў дадзены айцам нашым праз Майсея. А ты, які выклікаў усе няшчасці габрэяў, напэўна не ўцячэш ад рукі Божай.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 3, 3. 14–18
І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў
Чытанне Першага паслання святога Яна.
Умілаваныя:
Кожны, хто мае такую надзею на Яго, чыніць сябе беззаганным, як Ён ёсць беззаганны.
Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, застаецца ў смерці.
Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, той чалавеказабойца, а ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае ў сабе жыцця вечнага. Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў. Калі хтосьці мае дастатак у свеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа жыць у ім?
Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць