ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 7–16
Хрыстус – Галава, дзякуючы якой усё цела атрымлівае ўзрастанне
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару.
Таму і сказана: Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных і даў людзям дары. А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што ён сышоў да найніжэйшых частак зямлі. Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.
І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты. Таму мы больш не павінны быць немаўлятамі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб падманам людскім, хітрым штукарствам увесці ў зман. Але, кажучы праўду ў любові, усё павінна ўзрастаць у тым, хто з’яўляецца Галавою, — у Хрысце. З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне цела для будавання самога сябе ў любові.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 1–6
Адно цела, адзін Пан, адна вера, адзін хрост
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.
Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 14–21
Каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, напоўніліся ўсёй паўнатою Божай
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.
А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім, або пра што думаем, Яму слава ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 2–12
Таямніца Хрыста аб’явілася цяпер: язычнікі — саўдзельнікі абяцання
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Калі вы чулі пра ўдзяленне ласкі Божай, дадзенай мне дзеля вас, бо праз аб’яўленне мне была адкрыта таямніца, пра што я ўжо коратка пісаў, то, чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне таямніцы Хрыста, якая не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа. Гэта значыць, што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле, слугою якога я стаўся дзякуючы дару ласкі Божай, дадзенай мне дзеяннем сілы Ягонай.
Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Добрую Навіну пра невычэрпнае багацце Хрыста і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго; каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасць Божая, паводле спрадвечнага плану, які Бог здзейсніў у Езусе Хрысце, Пану нашым.
У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца з надзеяй праз веру ў Яго.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 11–14
Мы раней спадзяваліся на Хрыста, і былі пазначаныя пячаткаю Духа Святога
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
У Хрысце мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення волі сваёй, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.
У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, добрую навіну пра збаўленне вашае, і паверылі ў Яго, былі пазначаныя пачаткаю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай славы.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 1–10
Выбраў нас у Ім перад стварэннем свету
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Павел, воляю Божаю апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленнне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў, паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў ў Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аб’яднаць ўсё ў Хрысце: тое, што на небе і на зямлі.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 5, 18–25
Тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з мукамі
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Браты:
Калі кіруе вамі дух, то вы не пад законам. Учынкі ж цела вядомыя, а менавіта: распуста, нячыстасць, сваволя, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зласлівасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды, ерасі, зайздрасць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам наперад, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
А плён духа — гэта любоў, радасць, спакой, велікадушнасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону. А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з мукамі і жаданнямі. Калі мы жывем паводле духа, то і паступаем паводле духа.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 5, 1–6
Не мае моцы абразанне, але вера, якая дзейнічае праз любоў
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Браты:
Дзеля свабоды Хрыстус вызваліў вас, таму трывайце і не паддавайцеся ярму рабства. Вось я, Павел, кажу вам: калі вы абразаецеся, не будзе вам ніякай карысці ад Хрыста. Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь Закон. Вы, што апраўдваеце сябе Законам, адарваліся ад Хрыста і пазбавіліся ласкі. Мы ж у духу і праз веру чакаем надзеі справядлівасці. Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
Гэта слова Божае.
Падрабязней
Друкаваць