Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана. Год В.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 1, 1–11
Узнёсся на вачах іхніх

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Першую кнігу я напісаў, Тэафіле, пра ўсё, што рабіў Езус і чаму вучыў ад пачатку аж да дня, у які ўзнёсся, даўшы праз Духа Святога загады Апосталам, якіх выбраў ды перад якімі з’явіўся жывым пасля сваёй мукі ў шматлікіх доказах. На працягу сарака дзён аб’яўляўся ім і казаў пра Божае Валадарства.

І калі разам елі, наказаў ім не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом, пра што вы чулі ад Мяне. Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя праз некалькі дзён Духам Святым.

А сабраныя пыталіся ў Яго: Пане, ці не ў гэтым часе Ты адбудуеш каралеўства Ізраэля? Ён жа адказаў ім: Не вам ведаць часы ці поры, якія Айцец прызначыў сваёй уладай. Але прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і ажно да краю зямлі.

І, сказаўшы гэта, Ён узнёсся на вачах іхніх, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй. І калі яны пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: Мужы галілейскія, чаго стаіце і ўглядаецеся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

ХХXI Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 1, 14b–2, 2b. 8–10
Вы адхіліліся ад гэтага шляху, многіх прымусілі спатыкнуцца ў Законе

Чытанне кнiгi прарока Малахii.

Так кажа Пан Магуццяў: Я — вялікі Кароль, і Маё імя выклікае боязь між народамі. А цяпер для вас, святары, гэтая запаведзь. Калі не паслухаеце і не прымеце да сэрца тое, каб аддаваць хвалу імені Майму, то Я спашлю на вас пракляцце.

Вы ж адхіліліся ад гэтага шляху, многіх прымусілі спатыкнуцца ў Законе; вы знішчылі запавет з Левіем, — кажа Пан Магуццяў. Таму Я ўчыню, што вы будзеце ў пагардзе і прыніжэнні сярод усіх народаў, бо вы не трымаліся шляхоў Маіх і былі прадузятымі ў Законе.

Ці ж не адзін у нас Айцец? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму мы здраджваем адно аднаму, зневажаючы запавет айцоў нашых?

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

29 жніўня — успамін мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля

Евангелле гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 1, 17–19
Скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У тыя дні:

Пан скіраваў да мяне сваё слова: Ты падпяражаш свае бёдры, устанеш і скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх, інакш Я напоўню цябе страхам перад імі.

Вось Я зрабіў цябе сёння ўмацаваным горадам, жалезным слупом і меднымі мурамі супраць усёй зямлі, супраць каралёў юдэйскіх, супраць правадыроў іхніх, супраць святароў і народу гэтай зямлі.

Яны будуць ваяваць з табою, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, — кажа Пан, — каб ратаваць цябе.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

28 жніўня — успамін св. Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 7–16
Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас

Чытанне Першага паслання святога Яна.

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

24 жніўня — свята св. Барталамея, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 21, 9b–14
На падмурках — імёны дванаццаці Апосталаў Ягняці

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Анёл гаварыў са мною, кажучы: Хадзі, я пакажу табе нявесту, жонку Ягняці.

І ўзнёс мяне ў захапленні анёл на вялікую і высокую гару, і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога і меў Божую славу.

Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага як крышталь. Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля. З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы. І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

22 жніўня — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 9, 1–6
Сын дадзены нам

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Народ, які хадзіў у цемры,
убачыў святло вялікае;
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло.
Ты памножыў народ,
павялічыў радасць.
Ён весяліцца перад Табою,
як весяляцца ў час жніва,
як цешацца пры падзеле здабычы.
Бо ярмо, што гняло яго,
і кій на плячах ягоных,
і розгу прыгнятальніка ягонага
Ты зламаў, як у дзень Мадыяма.
Бо ўсякі бот ваюючага жаўнера
і адзенне, забруджанае крывёю,
будзе кінута ў пажар на ежу агню.
Бо Дзіця нарадзілася нам,
Сын дадзены нам;
і ўлада спачыла на плячах Яго,
і дадуць імя Яму:
Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны,
Спрадвечны Айцец, Князь Спакою.
Будзе вялікім панаванне Яго,
і міру не будзе канца
над тронам Давіда і над яго валадарствам,
якое Ён умацуе і падтрымае ў правасуддзі і справядлівасці
адгэтуль і навекі.
Руплівасць Пана Магуццяў учыніць гэта.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

21 жніўня — успамін св. Пія Х, папы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 2, 2b–8
Мы пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Мы адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні. Бо заахвота наша не паходзіць з памылкі, нячыстасці ці падману, але, як мы былі выпрабаваны Богам, каб паверыць ў Евангелле, так і абвяшчаем для таго, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае сэрцы нашыя. Бо, як ведаеце, мы ніколі не з’яўляліся з ліслівымі словамі ані з карыслівай мэтай, Бог сведка. Мы не шукалі славы ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых. Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць

4 жніўня — успамін св. Яна Марыі Віянэя, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 3, 16–21
Я ўстанавіў цябе вартаўніком дому Ізраэля

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

У тыя дні:

Пан скіраваў да мяне слова, кажучы: Сыне чалавечы, Я ўстанавіў цябе вартаўніком дому Ізраэля. Калі пачуеш слова з Маіх вуснаў, будзеш асцерагаць іх ад Майго імя. Калі Я скажу грэшніку: Напэўна памрэш, — а ты не асцеражэш яго і не скажаш, каб асцерагчы грэшніка ад яго грэшных паводзін дзеля ратунку ягонага, гэты грэшнік памрэ са сваёй віны, але за ягоную кроў Я спаганю з цябе. Аднак калі ты асцеражэш грэшніка, а ён не адвернецца ад свайго беззаконня і грэшных паводзін, ён памрэ са сваёй віны, але ты ўратуеш сваё жыццё.

Калі ж Я пастаўлю справядлівага перад выпрабаваннем, а ён адвернецца ад праведнасці сваёй і ўчыніць беззаконне, то ён памрэ, бо ты не асцярог яго ад граху ягонага. І справядлівыя справы яго, якія рабіў, забудуцца, а за ягоную кроў Я спаганю з цябе. Аднак калі ты асцеражэш справядлівага, каб ён не грашыў, і ён не зграшыць, то напэўна і ён будзе жыць, бо ты асцярог яго, і ты сам ўратуеш сваё жыццё.

Гэта слова Божае.

Падрабязней

Друкаваць